Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

26.01.2016

Супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прынялі ўдзел у прыродаахоўным тыдні ў нацыянальным парку “Белавежская пушча”

18-22 студзеня 2016 года ў нацыянальным парку «Белавежская пушча» прайшоў Прыродаахоўны тыдзень, у якім актыўны ўдзел прынялі супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

18 студзеня 2016 г. у рамках Тыдня стартаваў цыкл навуковых мерапрыемстваў прыродаахоўнага характару. Цыкл пачаў старшы навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча НАН Беларусі А.М. Скуратовіч адкрытай лекцыяй “Інвазіўныя віды раслін - хто вінаваты і што рабіць”, якая прайшла ў канферэнц-зале Музея прыроды.

21-22 студзеня 2016 года ў рамках рэалізацыі міжнароднага праекта “Прыродаахоўны праект для Белавежскай пушчы” адбыўся міжнародны семінар “Упраўленне парушанымі і натуральнымі водна-балотнымі ўгоддзямі нацыянальнага парку “Белавежская пушча”. Балота Дзікае і Дзікі Нікор”. У семінары прынялі ўдзел прадстаўнікі НАН Беларусі (ІЭБ НАН Беларусі, НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах, УП “Геаінфармацыйныя сістэмы”, Інстытут прыродакарыстання НАН Беларусі), НП “Белавежская пушча”, Белавежскага нацыянальнага парку (Польшча), ААТ “Полессегіправодгас”, ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, Франкфурцкага заалагічнага таварыства (Германія) і інш.

Намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце ІЭБ НАН Беларусі, к.б.н. Д.Г. Грумо выступіў з вуснымі дакладамі: “Прадстаўленне вынікаў аналізу дынамікі расліннасці балота Дзікае з выкарыстаннем дыстанцыйнага зандзіравання і рэтраспектыўнага аналізу спадарожнікавых здымкаў. Зоны найбольшых трансфармацый, магчымыя прычыны і прапанаваныя першачарговыя мерапрыемствы” і “Прадстаўленне навуковага абгрунтавання аднаўлення гідралагічнага рэжыму асушанага балота «Дзікі Нікор». Падрыхтаваны і прэзентаваны для міжнароднага адукацыйнага цэнтра Белавежскай пушчы выставачны стэнд “Лесабалотны комплекс “Дзікае”: структура і дынаміка расліннасці”.

Таксама Д.Г. Грумо прадставіў для прыродаахоўных устаноў даклад аб створаным у Інстытуце эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча кластары “Рэспубліканскі цэнтр комплекснага картаграфавання біялагічнай разнастайнасці”.

Намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце
Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча
Д.Г. Грумо