Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне № 17рп “Аб прызначэнні стыпендый аспірантам”. Стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 2016 год назначаны 82 аспірантам. У іх ліку 16 прадстаўнікоў навуковых інстытутаў і арганізацый НАН Беларусі. Гэта таленавітыя маладыя аспіранты, якія выконваюць дысертацыйныя даследаванні па прыярытэтных напрамках навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці. Многія з іх маюць акты аб укараненні атрыманых вынікаў у вытворчасць, лячэбную практыку ўстаноў аховы здароўя, адукацыйны працэс, патэнты на вынаходніцтвы, карысныя мадэлі або станоўчыя рашэнні на выдачу патэнта.
Навуковыя дасягненні стыпендыятаў будуць выкарыстаны на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах сацыяльнай сферы краіны.
Прыняцце распараджэння № 17рп з’яўляецца сведчаннем падтрымкі дзяржавай перспектыўных аспірантаў, развіцця навуковых школ і навуковага патэнцыялу Беларусі.
Стыпендыяты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2016 года ад НАН Беларусі
1. Грыгорчык Аляксандр Мікалаевіч - дзяржаўная навуковая ўстанова «Аб’яднаны інстытут машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» - за ўстанаўленне заканамернасці ўплыву высокатэмпературнай нітрацэментацыі і газавага азатавання на фазавыя ператварэнні ў павярхоўных пластах гіпергукавых газатэрмічных пакрыццяў з сталей розных класаў, распрацоўку спосабу атрымання такіх пакрыццяў з мадыфікаванымі іёнамі азоту пластамі падвышанай зноса- і каразійнай стойкасці, што дазволіць замяніць гальванічнае храміраванне больш эканамічнай і экалагічна чыстай гіпергукавой металізацыяй
2. Гусакоў Гардзей Уладзіміравіч - рэспубліканскае навуковае ўнітарнае прадпрыемства “Інстытут сістэмных даследаванняў у АПК Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” - за распрацоўку методыкі прагназавання развіцця ўнутранага харчовага рынку ва ўмовах змены попыту на прадукты харчавання, абгрунтаванне напрамкаў павышэння эфектыўнасці функцыянавання харчовай сістэмы, што дазваляе папярэджваць магчымыя рызыкі і пагрозы, прымаць скаардынаваныя меры па забеспячэнні ўстойлівага развіцця аграрнага рынку і сельскагаспадарчай вытворчасці, нарошчваць экспартны патэнцыял аграпрамысловага комплексу
3. Кляцкоў Аляксей Віктаравіч - дзяржаўная навуковая ўстанова “Інстытут фізіка-арганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” - за распрацоўку метадаў сінтэзу замешчаных 4-хлорізатыазолаў, якія дазволілі атрымаць шэраг перспектыўных біялагічна актыўных рэчываў, якія ўзмацняюць дзеянне проціпухлінных прэпаратаў і памяншаюць іх дозу да 10 разоў
4. Кандраценка Ганна Сяргееўна - дзяржаўная навуковая ўстанова “Інстытут генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” - за выяўленне генетычнага фактару рызыкі ўзнікнення шызафрэніі шляхам даследавання сувязі локусаў генаў DNMT3b, DNMT1 і MTHFR, што дазволіць распрацаваць новыя малекулярна-генетычныя падыходы да прафілактыкі і лячэння дадзенага захворвання
5. Каско Іван Сяргеевіч - рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па жывёлагадоўлі” - за атрыманне новых навукова абгрунтаваных даных у селекцыйна-племянной працы, якія дазволілі пры скрыжаванні гібрыдных кноразаў імпартнай селекцыі з маткамі айчынных парод выявіць аптымальныя варыянты скрыжавання па откормачных і мясных якасцях, што забяспечыць павышэнне эканамічнай эфектыўнасці вытворчасці свініны і яе канкурэнтаздольнасці на ўнутраным рынку і за мяжой
6. Крышчук Ірына Аляксандраўна - дзяржаўнае навукова-вытворчае аб’яднанне «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах» - за ўсталяванне асаблівасцей унутрывідавых дыферэнцыяцый звычайнай буразубкі Sorex araneus на хромосомныя расы і вызначэнне межаў яе тэрытарыяльнага распаўсюджвання ў далінах Дняпра і Прыпяці, што дазваляе выявіць характар мікраэвалюцыйных працэсаў у папуляцыях пазваночных жывёл у межах арэала і распрацаваць стратэгіі захавання генетычнай разнастайнасці розных відаў млекакормячых
7.Люшкевіч Вераніка Аляксандраўна - дзяржаўная навуковая ўстанова “Інстытут фізікі імя Б.І. Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”- за ўстанаўленне аптымальных умоў перадпасяўной плазменнай і электрамагнітнай апрацоўкі насення зернебабовых культур, якія шырока культывуюцца ў сельскагаспадарчай вытворчасці Рэспублікі Беларусь, што спрыяе павелічэнню ўраджайнасці за кошт стымуляцыі ўсходжасці насеннага матэрыялу і павышэння ахоўных уласцівасцей раслін без выкарыстання экалагічна небяспечных фунгіцыдаў
8. Макаранка Андрэй Ігаравіч - дзяржаўнае навукова-вытворчае аб’яднанне «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах» - за ўстанаўленне тэндэнцый змены арэалаў чужародных і абарыгенных відаў разнаногіх ракападобных, што дазваляе ацаніць маштабы інвазіі элементаў чужароднай фаўны і распрацаваць меры па мінімізацыі шкоды ад іх экспансіі ў вадаёмы і вадацёкі Беларусі
9. Маліноўскі Андрэй Ігаравіч - дзяржаўная навуковая ўстанова “Інстытут цепла- і масаабмену імя А.В. Лыкава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”- за распрацоўку лікавай мадэлі працэсаў фільтрацыйнага гарэння ў дысперсных сістэмах на аснове метаду дыскрэтных элементаў, што дазваляе аптымізаваць спальванне дысперсных нізкакаларыйных паліваў ва ўстаноўках фільтрацыйнага тыпу і рэжымы нагрэву электратэрмічных рэактараў з псеўдаажыжаным пластом
10. Манько Андрэй Юр’евіч - дзяржаўная навуковая ўстанова “Інстытут фізікі імя Б.І. Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”- за распрацоўку на аснове метаду Монтэ Карла праграмнага забеспячэння для мадэлявання працэсу двухфатоннага нараджэння лептонаў на адронным і электрон-пазітронным паскаральніках, што мае важнае значэнне для прадказання паводзін поўных і дыферэнцыяльных сячэнняў названага працэсу на эксперыментах па сутыкненнях часціц высокіх энергій на Вялікім адронным колайдары
11. Марцінкевіч Антон Вацлававіч - дзяржаўная навуковая ўстанова “Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” - за распрацоўку методыкі вызначэння эфектыўнасці сістэмы абароны працоўных правоў на аснове аналізу дасведчанасці работнікаў аб сваіх працоўных правах, індывідуальных і групавых перавагах у выбары спосабаў іх абароны, прымяненне якой дасць магчымасць забяспечыць адпаведнасць распрацаваных фармальна-прававых нормаў існуючай сацыякультурнай рэальнасці і павысіць эфектыўнасць названай сістэмы
12. Нарушка Алена Алегаўна - дзяржаўная навуковая ўстанова “Фізіка-тэхнічны інстытут Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” - за распрацоўку тэхналогіі нанясення аптычна празрыстых кампазіцыйных пакрыццяў на аснове металаў Ag, Cu, Ni, Fe, Au і аксідных слаёў ZrO2, TiO2, HfO2, SiO2, якая дазваляе экраніраваць электрамагнітныя выпраменьванні тэхнічных сродкаў абароны інфармацыі і якая забяспечвае абарону біялагічных аб’ектаў ад электрамагнітных уздзеянняў
13. Паўлюшчык Алена Аляксандраўна - дзяржаўная навуковая ўстанова “Інстытут біяарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” - за распрацоўку метаду вызначэння адчувальнасці клетак да пабочных эфектаў антыгіпертэнзіўных лекавых сродкаў у пацыентаў з метабалічным сіндромам, што дазваляе забяспечыць персаніфікаваны падыход да лячэння артэрыяльнай гіпертэнзіі і знізіць эканамічныя выдаткі на лячэнне хворых метабалічным сіндромам шляхам больш эфектыўнага падбору лекавых сродкаў
14.Парніцкі Аляксандр Міхайлавіч - дзяржаўная навуковая ўстанова “Аб’яднаны інстытут машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” - за распрацоўку спосабу атрымання тэрмаўстойлівага звышцвёрдага кампазіцыйнага матэрыялу на аснове мікра- і нанапарашкоў алмазу ва ўмовах высокіх тэмператур і ціскаў для вырабу кіруючага інструмента з падвышаным у 1,5-2 разы рэсурсам і палепшанымі паказчыкамі якасці апрацоўкі
15. Русак Анастасія Аляксандраўна - дзяржаўная навуковая ўстанова “Інстытут фізікі імя Б.І. Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” - за распрацоўку лазераў на крышталях вольфраматаў, легіраваных іёнамі еўропія і здольных генерыраваць выпраменьванне на новай даўжыні хвалі 703 нм, распрацоўку параметрычных генератараў святла, выпраменьваючых у бяспечным для вачэй спектральным дыяпазоне
16. Стукач Юлія Паўлаўна - дзяржаўная навуковая ўстанова “Інстытут фізіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” - за распрацоўку клетачнай тэхналогіі па мэтанакіраванай дастаўцы ствалавых клетак у розныя ўчасткі галаўнога мозгу, што дазваляе эфектыўна аднаўляць кантроль парушаных функцый цэнтральнай нервовай сістэмы