Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

29.03.2016

Інстытуту глебазнаўства і аграхіміі НАН Беларусі спаўняецца 85 гадоў

Інстытут глебазнаўства і аграхіміі - адзін з найстарэйшых інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, арганізаваны 29 сакавіка 1931 года. Гэта - адзіны ў краіне навукова-метадычны цэнтр па глебавых і аграхімічных даследаваннях. Вучоныя інстытута ажыццяўляюць распрацоўку тэарэтычных і прыкладных аспектаў аховы і ўзнаўлення ўрадлівасці глеб. Глебава-аграхімічныя даследаванні інстытута вызначаюць доўгатэрміновую перспектыву па працы сельскагаспадарчых органаў краіны ў галіне эфектыўнага выкарыстання глебавых рэсурсаў, захавання і павышэння іх урадлівасці і эфектыўнага выкарыстання сродкаў хімізацыі.

Ля вытокаў фарміравання глебавых і аграхімічных даследаванняў як асобнай, самастойнай галіны ведаў, а таксама стварэння спецыяльнай навуковай установы, якая пастаянна і мэтанакіравана вядзе распрацоўку гэтага напрамку, стаялі вядомыя беларускія вучоныя А.К. Кедраў-Зіхман, Г.І. Пратасеня, П.П. Рагавой, А.Г. Мядзведзеў, С.Н. Іваноў, В. М. Пілько, М.П. Булгакаў, В.М. Чацверыкоў, А. Н. Урсулаў, Б.Б. Бельскі, А.М. Галкоўскі, У.І. Шэмпель, І.М. Курбатаў і інш. Работу па арганізацыі інстытута ўзначаліў акадэмік АН БССР Якаў Мікітавіч Афанасьеў, які стаў першым дырэктарам інстытута. У розныя гады дырэктарамі інстытута працавалі вядомыя і аўтарытэтныя вучоныя - акадэмік АН БССР Павел Пракопавіч Рагавой (1958-1962), член-карэспандэнт АН БССР Сяргей Несцеравіч Іваноў (1962-1969), член-карэспандэнт АН БССР, акадэмік УАСГНІЛ Тамара Нікандраўна Кулакоўская (1969 -1980), акадэмік Іосіф Міхайлавіч Багдзевіч (1980-2005). З 2006 года інстытутам кіруе акадэмік НАН Беларусі Віталій Вітальевіч Лапа. У 1981 г. Беларускі НДІ глебазнаўства і аграхіміі за вялікія заслугі ў развіцці сельскагаспадарчай навукі і ўкараненне навуковых распрацовак у вытворчасць узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. За вялікія заслугі ў развіцці аграхімічнай навукі, падрыхтоўку навуковых кадраў Т.Н.Кулаковская ўдастоена звання Героя Сацыялістычнай Працы.

Да ліку найбольш вядомых навуковых распрацовак, выкананых вучонымі інстытута, можна аднесці навукова-метадычнае забеспячэнне трох тураў абследавання глеб Беларусі, чатырох тураў банітавання глеб і двух тураў кадастравай ацэнкі глебаў, 12 тураў аграхімічнага абследавання глеб. Вучонымі інстытута былі падрыхтаваны і выдадзены глебавая карта і глебава-эразійная карта тэрыторыі Беларусі, праведзена глебава-экалагічнае раянаванне, метадычныя ўказанні па ацэнцы ступені прыдатнасці глеб для вырошчвання сельскагаспадарчых культур. Навукоўцамі інстытута створаны банк даных аграхімічных уласцівасцей глеб, банк даных аграфізічных уласцівасцей глеб, банк даных генетычных уласцівасцей глеб Рэспублікі Беларусь, комплексныя праграмы захавання і павышэння ўрадлівасці глеб. Шырока вядомыя і выкарыстоўваюцца ў сельскагаспадарчай вытворчасці распрацаваныя навукоўцамі інстытута новыя формы комплексных мінеральных угнаенняў, вадкія хелатныя формы мікраўгнаенняў, тэхналагічныя рэгламенты прымянення мінеральных угнаенняў пад сельскагаспадарчыя культуры.

Па асноўных навуковых напрамках у інстытуце сфарміраваны і развіваюцца некалькі навуковых школ: па глебазнаўстве (акадэмік АН БССР Рагавой П.П., д.с.г.н. Мядзведзеў А.Г., акадэмік НАН Беларусі Смяян М.І., д. с.г.н. Раманава Т.А.), аграхіміі (член-карэспандэнт АН БССР Іваноў С.Н., акадэмік Кулакоўская Т.Н., акадэмік НАН Беларусі Лапа В.В.), па радыеэкалогіі і аграхіміі (акадэмік НАН Беларусі Багдзевіч І. М)