Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

29.04.2016

Песні пакінутых вёсак загучалі ў выданні Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі

Напярэдадні 30-годдзя чарнобыльскай катастрофы ў выдавецтве ТДА «Бяловагруп» выйшла кніга “Песні пакінутых вёсак”. Выданне падрыхтавана сумесна з Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і адкрывае шырокаму колу чытачоў забытыя старонкі культурнай спадчыны сакральнага гучання.

Архіўныя матэрыялы, прадстаўленыя ў дадзенай кнізе, – гэта ўнікальная песенная спадчына, якая вылучаецца высокім густам і друкуецца ўпершыню. Песні былі запісаны і сабраны ў розныя часы задоўга да чарнобыльскай катастрофы ў вёсках, якія зараз ужо не існуюць (Брагінскага, Ельскага, Нараўлянскага, Хойніцкага раёнаў).

Фальклорныя традыцыі Беларусі ўбіраюць ў сабе духоўны дар – мову, песню, памяць продкаў. Выданне збору “Песні пакінутых вёсак” паслужыць справе выратавання, захоўвання і адраджэння айчыннай культуры. Выключная архаіка этнакультурных традыцый чарнобыльскіх рэгіёнаў – найкаштоўнейшы матэрыял для гісторыкаў, мовазнаўцаў, этнографаў, прафесійных і самадзейных мастацкіх калектываў. Кніга, безумоўна, стане бясцэннай для ўсіх тых, каго напаткаў сумны лёс: назаўсёды пакінуць забруджанныя тэрыторыі.

Высокі ўзровень кампетэнтнасці выдання забяспечваюць спецыялісты Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, супрацоўнікі музеяў, пазначаных рэгіёнаў, ўдзельнікі даўніх экспедыцый у забруджаныя раёны, якія сабралі больш за 300 адзінак матэрыяльных помнікаў. Укладальнікамі з’яўляюцца доктар філалагічных навук Т.В. Валодзіна, кандыдат філалагічных навук Н.Г. Мазурына (музычная частка). Кніга падрыхтавана пад агульнай рэдакцыяй доктара гістарычных навук, доктара архітэктуры, прафесара, акадэміка А.І. Лакоткi.

Выданне фарматам 170Х300 мм і аб’ёмам 356 старонак багата ілюстравана разнастайнымі фотаздымкамі: мясцовымі відарысамі, творамі народнага дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва – ручнікамі, якія падкрэсліваюць сакральную адметнасць кнігі. Высокую паліграфічную якасць выдання забяспечыў “Паліграфкамбінат ім. Я. Коласа”.

Дадатковая інфармацыя аб выданні :
+375 (17) 284 29 21, Аляксандр Іванавіч Лакотка, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.