Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

02.05.2016

Першы міжнародны хлебны форум правядзе Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве

4 мая 2016 года (серада) у 9.00 у РУП “Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве” (г. Жодзіна, вул. Ціміразева, 1) адбудзецца адкрыццё першага міжнароднага хлебнага форуму з удзелам прадстаўнікоў ЕС, навуковых і вытворчых арганізацый Рэспублікі Беларусь.

Двухдзённы форум пройдзе на базе РУП “Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве” пад эгідай Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. У мерапрыемстве прымуць удзел больш за 100 айчынных і замежных спецыялістаў у галіне селекцыі, насенняводства і перапрацоўкі збожжа, выпуску хлеба і хлебабулачных вырабаў.

Галоўная мэта форуму - абмеркаванне актуальных пытанняў вытворчасці збожжа, яго якасныя паказчыкі, кантроль пры прыёмцы на збожжаперапрацоўчыя прадпрыемствы, інавацыйныя рашэнні ў галіне вызначэння якасці збожжа і мукі. Прадметам дыскусіі стануць перадавыя тэхналогіі ў хлебапячэнні, якія прадставяць нямецкія і французскія кампаніі.

Удзельнікі форуму азнаёмяцца з найноўшым абсталяваннем і аналітычнымі магчымасцямі лабараторыі біяхімічнага аналізу і якасці прадукцыі РУП “Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве”, прымуць удзел у практычных семінарах па сектарах: “Мадэрнізацыя і будаўніцтва млыноў, камбікормавых заводаў і экструзійных ліній”; “Аўтаматызацыя працэсу пробаадбору збожжа”; “Пробная лабараторная выпечка як базавая методыка ацэнкі хлебапякарных уласцівасцей мукі”; “Уплыў ферментаў (рэчываў бялковага паходжання) на якасць мукі, структуру цеста і знешні выгляд вырабаў”; “Віды біяхімічных, генетычных і тэхналагічных аналізаў збожжа, насення, раслін, глебы”.

Кантакты: Аляксандр Віктаравіч тэл. + 375 (17) 219 07 79, 200 26 20, маб. +375 (29) 676 24 99; Алена Леанідаўна - тэл. +375 (29) 605 59 02