Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

03.05.2016

Адбылася прэзентацыя кнігі У.Л. Абушэнкі “Асновы культурсацыялогіі”

29 красавіка 2016 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася прэзентацыя кнігі беларускага сацыёлага і філосафа Абушэнкі Уладзіміра Леанідавіча “Асновы культурсацыялогіі: выбраныя працы”. На прэзентацыі прысутнічалі супрацоўнікі Інстытута сацыялогіі, прадстаўнікі кафедры сацыялогіі БДУ і эканамічнай сацыялогіі БДЭУ, калегі і сваякі, студэнты і магістранты.

Ва ўступным слове дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі доктар сацыялагічных навук, прафесар Ігар Васільевіч Катляроў выказаў меркаванне, што “такіх кніг па культурсацыялогіі ў Беларусі няма і ў бліжэйшы час, магчыма, не будзе. Вельмі добра, што сёння мы паказваем гэтую кнігу ўсёй навуковай супольнасці”, таксама дырэктар Інстытута сацыялогіі выказаў надзею на выданне курса лекцый У.Л. Абушэнкі, у якім будуць раскрыты тэмы, якія хвалявалі аўтара ў апошнія гады дзейнасці. Затым выступіла намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі кандыдат сацыялагічных навук Лашук Ірына Валер’еўна і загадчык сектара кластарнага развіцця Камароўскі Андрэй Уладзіміравіч. Прэзентацыя працягнулася выступленнямі калег, сяброў і вучняў Уладзіміра Леанідавіча, якія падзяліліся сваімі ўспамінамі і думкамі пра асобу і навуковую дзейнасць У.Л. Абушэнкі.

У кнізе філосафа і сацыёлага У.Л. Абушэнкі (1957-2015) “Асновы культурсацыялогіі: выбраныя працы” прадстаўлены выбраныя работы па гісторыі і тэорыі сацыялогіі, культурсацыялогіі і сацыяльнай тэорыі, даследаваннях сацыяльнай і нацыянальнай ідэнтычнасці.