Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

16.05.2016

У НАН Беларусі праходзіць нарада па лазерах на свабодных электронах з удзелам члена Нобелеўскага камітэта па фізіцы, рэктара Стакгольмскага ўніверсітэта Матса Ларсана

16 мая 2016 года ў НАН Беларусі пачала працу міжнародная нарада па лазерах на свабодных электронах. Афіцыйнымі арганізатарамі мерапрыемства, якое пройдзе 16 і 17 мая 2016 года, выступаюць НАН Беларусі і Стакгольмскі ўніверсітэт. У мерапрыемстве прымаюць удзел вядучыя спецыялісты ў гэтай галіне з Англіі, Германіі, Швецыі, Японіі, Італіі, Беларусі, Украіны.

Перад пачаткам нарады сусветна вядомы шведскі вучоны, член Нобелеўскага камітэта па фізіцы, рэктар Стакгольмскага ўніверсітэта Матс Ларсан, гаворачы аб прадмеце нарады, адзначыў, што “дадзеная галіна навукі ў свеце толькі развіваецца. Удзел беларускіх вучоных у цяперашні час носіць фундаментальны, тэарэтычны характар, так як устаноўкі падобнага тыпу існуюць толькі ў ЗША і Японіі. Але калі ацэньваць уклад беларускіх вучоных у галіну развіцця лазернай фізікі, то ён вельмі высокі, і гэта добра відаць на прыкладзе дзейнасці Інстытута фізікі імя Б.І. Сцяпанава”.