Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

16.05.2016

12-13 мая 2016 г. у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі прайшла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Вынікі археалагічных даследаванняў на тэрыторыі Беларусі ў 2015 годзе”

12-13 мая 2016 г. у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі прайшла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Вынікі археалагічных даследаванняў на тэрыторыі Беларусі ў 2015 годзе”. У канферэнцыі прынялі ўдзел як беларускія, так і замежныя вучоныя з Расіі і Украіны. Асабліва жывую дыскусію, у сувязі з прыняццем Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №485 ад 14 снежня 2015 г., выклікаў даклад намесніка дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдата гістарычных навук, дацэнта Лакізы В.А., прысвечаны агляду заканадаўства Рэспублікі Беларусь у галіне аховы археалагічнай спадчыны, а таксама тым зменам, якія накіраваны на барацьбу з незаконным пошукам археалагічных артэфактаў і іх продажам.

Значную цікавасць выклікалі даклад загадчыцы Цэнтра гісторыі даіндустрыяльнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі доктара гістарычных навук, прафесара Ляўко В.М., прысвечаны новым фактам адносна археалагічнага даследавання ўнікальнага сярэднявечнага комплексу Кардон у Падзвінні, намесніка дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі доктара гістарычных навук Віцязя С.П. аб выкарыстанні спецыяльных метадаў пры вывучэнні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама дацэнта гістарычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна кандыдата гістарычных навук Башкова А.А. аб выніках даследавання сярэднявечнага могільніка на тэрыторыі Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці.

Усяго на двух секцыях навуковага форуму былі прадстаўлены больш за 60 дакладаў і разгледжаны вынікі працы археолагаў, якія праводзіліся ва ўсіх абласцях краіны і ў Мінску.

На спецыяльна арганізаванай кніжнай выставе дэманстраваліся навуковыя выданні па археалагічнай тэматыцы, а ў археалагічных аддзелах - унікальныя археалагічныя артэфакты ад каменнага веку да эпохі сярэднявечча і Новага часу.

В.Л. Лакіза
Фота А. Ермоловіч, газета "Навука"