Акадэмік-сакратар Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі НАН Беларусі акадэмік Валянцін Антонавіч Арловіч адзначыў высокую якасць выдання матэрыялаў канферэнцыі, падзякаваў за праробленую работу праграмны камітэт канферэнцыі, які складаецца практычна поўнасцю з маладых спецыялістаў.
Асаблівасцю канферэнцыі з’яўляецца тое, што кожнае пасяджэнне адкрываецца выступленнямі запрошаных лектараў, якія нядаўна абаранілі кандыдацкія і доктарскія работы і ужо паспелі дасягнуць добрых вынікаў у сваёй сферы.
Прадстаўленыя на канферэнцыі даклады ахопліваюць шырокае кола сучасных раздзелаў фізікі, якія зараз інтэнсіўна развіваюцца: тэарэтычная фізіка і фізіка фундаментальных узаемадзеянняў; аптычныя прыборы, матэрыялы і тэхналогіі; фізіка нанаструктур; лазерная фізіка і спектраскапія; фізіка плазмы; лазеры ў біялогіі і медыцыне; фізіка палімераў і арганічных злучэнняў; фізічная і нелінейная оптыка.