Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

13.06.2016

У НАН Беларусі адбылася сустрэча з удзельнікамі восьмай беларускай антарктычнай экспедыцыі

10 чэрвеня 2016 года Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў і навуковая грамадскасць урачыста віталі ўдзельнікаў восьмай беларускай антарктычнай экспедыцыі. У. Гусакоў высока ацаніў працу экспедыцыі: “Сёння мы па даўняй традыцыі вітаем нашых землякоў-палярнікаў. Экспедыцыя вярнулася, усе жывыя і здаровыя. Усе матэрыялы, а іх сабрана нямала, будуць прадстаўлены спецыяльнай камісіі. Думаю, працы хопіць на год – да наступнай экспедыцыі”, – сказаў Старшыня Прэзідыума.

Кіраўнік экспедыцыі Аляксей Гайдашоў адзначыў, што “ў гэтым сезоне спецыялісты правялі запланаваны комплекс работ па мантажы і ўводзе ў эксплуатацыю Беларускай антарктычнай станцыі. У прыватнасці, у сціслыя тэрміны ў складаных кліматычных умовах удзельнікі экспедыцыі сабралі першы трохсекцыйны спецыялізаваны модуль на гары Вячэрняя ва Усходняй Антарктыдзе.

Прысутным быў паказаны фільм, зманціраваны з унікальных кадраў з архіва беларускіх палярнікаў, які расказаў пра будаўніцтва станцыі ў Антарктыдзе, пра побыт і работу беларускай эксппедыцыі.

У НАН Беларусі ўжо падрыхтаваны праект новай дзяржаўнай праграмы “Маніторынг палярных раёнаў Зямлі, стварэнне беларускай антарктычнай станцыі і забеспячэнне дзейнасці палярных экспедыцый на 2016 – 2020 гады”, якая прадугледжвае ў прыватнасці пашырэнне модуляў, што ўжо маюцца, для абсталявання круглагадовага знаходжання беларускай антарктычнай эксапедыцыі.

Кіраўнік экспедыцыі Аляксей Гайдашоў уручыў НАН Беларусі памятны падарунак – яйка пінгвіна і перадаў у падарунак Музею НАН Беларусі сцяг НАН Беларусі, які знаходзіўся на беларускай антарктычнай станцыі.