У ходзе ўрачыстай цырымоніі адкрыцця генеральны дырэктар ДНПА “Хімічны сінтэз і біятэхналогіі”, дырэктар Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі, член-карэспандэнт Эмілія Каламіец і дырэктар Інстытута мікрабіялогіі АН правінцыі Хэйлунцзян Кітая прафесар Чжанг Чыешы (Zhang Jiechi) падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Дакумент прадугледжвае правядзенне ў рамках кантрактаў сумесных навуковых даследаванняў па актуальных для абедзвюх краін напрамках у галіне сельскагаспадарчай мікрабіялогіі, укараненне іх вынікаў у практыку, абмен навуковай інфармацыяй і забеспячэнне сістэмнага высокаэфектыўнага ўзаемадзеяння. На першым этапе дзейнасці цэнтра плануецца рэалізаваць праект “Мікробная тэхналогія ліквідацыі нафтавых забруджванняў і аварыйных разліваў нафты”, а таксама стварыць пілотную зону для ачысткі нафтавых забруджванняў у Кітаі.