Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

03.08.2016

У НАН Беларусі адбылося пашыранае пасяджэнне Міжведамаснай камісіі Рэспублікі Беларусь па пытаннях Антарктыкі

2 жніўня 2016 года ў НАН Беларусі адбылося пашыранае пасяджэнне Міжведамаснай камісіі Рэспублікі Беларусь па пытаннях Антарктыкі. Для ўдзелу ў пасяджэнні ў НАН Беларусі прыбыў намеснік дырэктара Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай установы “Інстытут Арктыкі і Антарктыкі” Расгідрамета, начальнік Расійскай антарктычнай экспедыцыі Валерый Уладзіміравіч Лукін і начальнік лагістычнага цэнтра Расійскай антарктычнай экспедыцыі Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай установы “Інстытут Арктыкі і Антарктыкі” Расгідрамета Вячаслаў Леанідавіч Марцьянаў.

Кіраўнік Беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксей Аляксандравіч Гайдашоў далажыў аб выніках удзелу дэлегацыі Рэспублікі Беларусь у 39 Кансультатыўнай нарадзе па Дагаворы аб Антарктыцы ў маі-чэрвені 2016 г. у Санцьяга (Чылі). Далей бакі абмеркавалі рэалізацыю мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы ў ходзе правядзення 8 Беларускай антарктычнай і 61 Расійскай антарктычнай экспедыцый 2015-2016 гг. Затым прысутнымі быў абгавораны ход падрыхтоўкі да правядзення 9 БАЭ і рэалізацыя мерапрыемстваў падпраграмы №3 “Маніторынг палярных раёнаў Зямлі, стварэнне Беларускай антарктычнай станцыі і правядзенне палярных экспедыцый” Дзяржаўнай праграмы “Навукаёмістыя тэхналогіі і тэхніка” на 2016-2020 гады. Таксама былі абмеркаваны сумесныя з расійскім бокам навуковыя праграмы і тэхнічныя праекты.

Плануецца, што беларуская экспедыцыя ў складзе шасці чалавек адправіцца ў Антарктыку ў лістападзе гэтага года. З экспедыцыяй будзе адпраўлена каля 40 т грузу, аснову якога складзе навуковае і дапаможнае абсталяванне, якое будзе забяспечваць інжынерна-тэхнічныя работы па зборцы станцыі, а таксама прадукты харчавання і паліва.