У дыялекталагічнай экспедыцыі, якая праходзіла 3–12 жніўня, прынялі ўдзел дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа кандыдат філалагічных навук Ігар Капылоў, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі кандыдат філалагічных навук Вераніка Курцова (кіраўнік праекта ад Беларусі), старшы навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі, кандыдат філалагічных навук Наталля Снігірова, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі магістр філалагічных навук Юлія Хвіланчук. З польскага боку ў складзе рабочай групы працаваў вядомы даследчык беларускіх народных гаворак, ад’юнкт Інстытута славістыкі ПАН, доктар філалогіі Міраслаў Янковяк.
У ходзе палявых даследаванняў навукоўцамі быў сабраны ўнікальны беларускамоўны фактычны матэрыял, а таксама іншая каштоўная лінгвістычная, экстралінгвістычная і этнакультуралагічная інфармацыя. Зробленыя ў час экспедыцыі аўдыязапісы, якія з’яўляюцца не толькі каштоўным лінгвістычным матэрыялам для даследчыкаў, але і жывымі гукавымі “сведкамі” стану беларускай гаворкі пачатку ХХІ стагоддзя па-за межамі сучаснай Беларусі, будуць уключаны у склад Нацыянальнага гукавога дыялектнага фонду беларускай мовы.