Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

05.09.2016

У НАН Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё 23 Міжнароднай канферэнцыі па ізапраноідах

5 верасня 2016 года ў НАН Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё 23 Міжнароднай канферэнцыі па ізапраноідах. У мерапрыемстве прымаюць удзел больш за 60 вядучых і маладых вучоных з 15 краін свету. Як адзначыў на адкрыцці намеснік Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук акадэмік Аляксандр Сукала, правядзенне міжнароднай канферэнцыі па дадзенай тэматыцы ў Мінску сведчыць аб прызнанні і высокай ацэнцы сусветнай навуковай супольнасцю вынікаў беларускіх вучоных.

Тэматыка форуму, які праходзіць у НАН Беларусі 4 - 7 верасня 2016 года, ахоплівае шырокае кола пытанняў, звязаных з ізапраноідамі: ад прыродных крыніц сыравіны, хімічнага сінтэзу, структурнага аналізу да малекулярных, геннаінжынерных і медыцынскіх аспектаў. Канферэнцыя арганізавана Інстытутам біяарганічнай хіміі НАН Беларусі сумесна з БДУ, Ізапраноідным грамадствам, Чэшскім хімічным грамадствам, універсітэтам хіміі і тэхналогіі (Прага), Інстытутам арганічнай хіміі і біяхіміі (Прага), Інстытутам эндакрыналогіі (Прага), Еўрапейскім фітахімічным грамадствам, Інстытутам эксперыментальнай батанікі (Прага ), фармацэўтычнай кампаніяй TEVA Co. Ltd.