Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

05.12.2016

НАН Беларусі і Польская акадэмія навук падпісалі Пагадненне аб навуковым супрацоўніцтве

5 снежня 2016 года ў НАН Беларусі падпісана Пагадненне аб навуковым супрацоўніцтве паміж Польскай акадэміяй навук і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. Подпісы пад дакументам паставілі Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў і Прэзідэнт Польскай акадэміі навук Ежы Душыньскі. На ўрачыстай цырымоніі прысутнічалі Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч і Маршал Сената Рэспублікі Польшча Станіслаў Карчэўскі.

Падпісанне дакументаў прайшло ў рамках візіту ў НАН Беларусі Прэзідэнта Польскай акадэміі навук Ежы Душыньскага. Галоўная мэта візіту - правядзенне перагавораў з кіраўніцтвам НАН Беларусі аб перспектыўных напрамках і механізмах пашырэння беларуска-польскага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Члены дэлегацыі Польскай акадэміі навук азнаёміліся з экспазіцыяй пастаянна дзеючай выставы НАН Беларусі “Дасягненні айчыннай навукі – вытворчасці”, правялі перагаворы з кіраўніцтвам НАН Беларусі, наведалі шэраг навуковых арганізацый НАН Беларусі: Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі, Інстытут фізіялогіі, Інстытут біяарганічнай хіміі, Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі, Музей гісторыі НАН Беларусі.

Як паведаміў Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў па выніках перагавораў з прэзідэнтам Польскай акадэміі навук Ежы Душыньскім, Акадэміі навук Беларусі і Польшчы плануюць сумесныя праекты ў галіне нана- і біятэхналогій. У сваю чаргу Ежы Душыньскі падкрэсліў важнасць навуковага супрацоўніцтва ў кааперацыі дзвюх краін. “Супрацоўніцтва паміж акадэміямі навук плануецца развіваць у самых розных напрамках. Але найбольш перспектыўныя - гэта гісторыя, праекты па захаванні Белавежскай пушчы, высокія тэхналогіі, у тым ліку космас”, - сказаў ён. НАН Беларусі і Польскую акадэмію навук звязваюць даўнія творчыя сувязі. З 21 па 23 сакавіка 2016 года па запрашэнні кіраўніцтва Польскай акадэміі навук у г. Варшаве знаходзілася дэлегацыя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на чале са Старшынёй Прэзідыума акадэмікам Уладзімірам Гусаковым. Мэтай візіту з’яўлялася пашырэнне навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва вучоных дзвюх краін, а таксама правядзенне канферэнцыі “Польска-беларускае навукова-даследчае супрацоўніцтва ў галіне гуманітарных навук”. Беларускія і польскія даследчыкі прынялі актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Праблемы рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў і ўстойлівае развіццё Палесся”, якая адбылася ў НАН Беларусі 14 - 17 верасня 2016 года. У цяперашні час плануецца актывізацыя сумеснага ўдзелу польскіх і беларускіх вучоных у кансорцыумах, якiя ствараюцца для ініцыявання і рэалізацыі праектаў у рамках праграмы ЕС па навукова-тэхналагічным і інавацыйным развіцці “Гарызонт 2020”.