19–20 студзеня 2017 года ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі” праходзіла Міжнародная навуковая канферэнцыя
“Беларуская граматыка: ад Браніслава Тарашкевіча да сучаснасці”, прысвечаная 125-годдзю з дня нараджэння выдатнага беларускага вучонага-моваведа, грамадскага і палітычнага дзеяча, публіцыста і літаратуразнаўцы, акадэміка Браніслава Тарашкевіча.
У час канферэнцыі дакладчыкі ўсебакова абмеркавалі ролю і значэнне “Беларускай граматыкі для школ” Браніслава Тарашкевіча і асобы яе аўтара на станаўленне, развіццё і ўдасканаленне беларускай літаратурнай мовы на працягу ХХ стагоддзя, разгледзелі асаблівасці яе сучаснага функцыянавання, а таксама перспектывы яе пашырэння ў асноўныя сферы камунікацыі як дзяржаўнай мовы краіны.
Падчас канферэнцыі быў праведзены круглы стол “Роля і месца Браніслава Тарашкевіча ў беларускім нацыянальным адраджэнні”, падчас якога былі прадэманстраваны відэапрэзентацыя “Дарогамі жыцця і пошукаў Браніслава Тарашкевіча” (аўтары Русак В.П., Мандзік В.А., Русак В.У.), праслуханы запіс гутаркі з вядомым даследчыкам жыццёвага і творчага шляху вучонага А.С. Лісам “Браніслаў Тарашкевіч: трагічны пошук свабоды”, абмеркаваны сацыялінгвістычныя і палітычныя ўмовы фарміравання новай беларускай літаратурнай мовы ў пачатку ХХ стагоддзя і яе развіцця і функцыянавання на працягу ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя (Лукашанец А.А. «“Беларуская граматыка для школ” Браніслава Тарашкевіча: сацыялінгвістычныя і палітычныя аспекты выпрацоўкі арфаграфічных норм беларускай мовы») і інш.
Па матэрыялах канферэнцыі будзе апублікаваны зборнік дакладаў.
Правядзенне Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай памяці акадэміка Браніслава Тарашкевіча, стала добрым пачаткам шэрагу навуковых мерапрыемстваў Цэнтра, прымеркаваных да Года навукі ў Рэспубліцы Беларусь.
Пленарныя даклады канферэнцыі "Беларуская граматыка: ад Браніслава Тарашкевіча да сучаснасці"
У гісторыю беларускага мовазнаўства Браніслаў Тарашкевіч увайшоў як аўтар першай нарматыўнай “Беларускай граматыкі для школ”, якая была выдадзена ў 1918 годе і адыграла выключна важную ролю ў станаўленні і ўмацаванні літаратурных норм беларускай пісьмовай мовы, яе пашырэнні ў афіцыйныя сферы ўжытку і школьнае навучанне. Менавіта як аўтар названай граматыкі Браніслаў Тарашкевіч ў 1928 годзе быў абраны правадзейным членам АН БССР.
Асабліва значная заслуга Браніслава Тарашкевіча ў распрацоўцы сістэмы беларускага правапісу, без чаго немагчыма паўнацэннае функцыянаванне пісьмовай мовы ў афіцыйных сферах ужытку і адукацыйным працэсе. Сфармуляваныя ім у “Беларускай граматыцы для школ” важнейшыя прынцыпы беларускай арфаграфіі і асноўныя правілы правапісу галосных і зычных літар ляжаць у аснове сучасных правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, зацверджаных у 2008 годзе Законам Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”.