Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

22.02.2017

У ЦНБ імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылася прэзентацыя новага выдання аднатомнага “Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы”

22 лютага ў ЦНБ імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылася прэзентацыя новага выдання аднатомнага “Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы”, падрыхтаванага калектывам лексікографаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання РБ, супрацоўнікі УП “Беларуская “Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, загадчыкі кафедраў ВНУ краіны, вучоныя НАН Беларусі, літаратары.

Выступоўцы далі высокую ацэнку працы акадэмічных вучоных, адзначылі яе значнасць у справе культурнага будаўніцтва ў краіне. Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі І.Л.Капылоў падкрэсліў, што новае выданне працягвае і развівае традыцыі айчыннай лексікаграфіі і арыентавана на адлюстраванне сучаснага стану лексікі і фразеалогіі беларускай літаратурнай мовы, бо за апошнія дзесяцігоддзі ў сувязі са зменамі ў палітычным, эканамічным і культурным жыцці краіны слоўнікавы склад мовы значна папоўніўся новымі словамі, якія пакуль што не былі зафіксаваны і прафесійна ацэнены. Адбылося вяртанне значнай колькасці лексічных адзінак, якія яшчэ нядаўна знаходзіліся на перыферыі лексічнай сістэмы, з’явіліся шматлікія запазычанні, што абумоўлена працэсамі глабалізацыі ў розных сферах жыцця.