Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

29.03.2017

Адбылася прэзентацыя калектыўнай манаграфіі “Паводніцкія стратэгіі спажыўцоў культурнай прадукцыі: каштоўнасці, інтарэсы, тыпалогія”

У Нацыянальным Прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэзентацыя калектыўнай манаграфіі Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі “Паводніцкія стратэгіі спажыўцоў культурнай прадукцыі: каштоўнасці, інтарэсы, тыпалогія”. Вучоныя Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі назапасілі салідны вопыт вывучэння сацыякультурных пераваг жыхароў нашай краіны, які ўвасобіўся ў дадзенай манаграфіі. Навуковая праца пад рэдакцыяй дырэктара Інстытута сацыялогіі, доктара сацыялагічных навук Ігара Катлярова выйшла ў Выдавецкім доме “Беларуская навука” ў 2017 годзе. У сакавіку манаграфія была прадстаўлена міністру культуры Рэспублікі Беларусь Барысу Святлову.

І. Катляроў звярнуў увагу на тое, што ў кнізе, над якой сацыёлагі працавалі сумесна з экспертамі з Міністэрства культуры, разглядаецца дынаміка культурных арыентацый і стратэгій сацыякультурных паводзін насельніцтва нашай краіны. Праведзены аналіз дазваляе прадухіліць разрыў традыцый у грамадстве, актуалізаваць розныя пласты культурнай і гістарычнай памяці. Гэтая кніга - складовая частка буйнога сацыялагічнага праекта з умоўнай назвай “Цывілізацыйны код беларускага грамадства”. У яго рамках у 2016 годзе праведзены тры вялікія рэпрэзентатыўныя даследаванні, якія дапамаглі выявіць фактары, якія ўплываюць на развіццё беларускага грамадства. Культура - найважнейшы элемент гэтага кода.

У чатырох частках працы аналізуюцца забаўляльныя перавагі, тэатральнае мастацтва, музейная справа і музычныя перавагі беларусаў. Прычым прыведзены як сацыялагічны, так і экспертны аналіз, параўнанне лічбаў апошніх гадоў.