Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

03.05.2017

Беларусь і ЗША маюць намер актывізаваць навуковае супрацоўніцтва ў галіне аграрных даследаванняў

Арганізацыі НАН Беларусі маюць намер актывізаваць навуковае супрацоўніцтва з амерыканскімі калегамі ў галіне аграрных даследаванняў. Пра гэта заявіў сёння на адкрыцці другога Беларуска-Амерыканскага семінара па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве на тэму “Навука для сельскай гаспадаркі” Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў. Як падкрэсліў У. Гусакоў, “Мы рады адзначыць, што такая форма ўзаемадзеяння беларускіх і амерыканскіх вучоных ужо становіцца традыцыйнай, і мы можам зараз на сістэмнай аснове сумесна разглядаць шырокі спектр пытанняў пашырэння супрацоўніцтва ў навуковай і інавацыйнай сферах. І не выпадкова тэмай сённяшняга семінара стала “Навука для сельскай гаспадаркі”. Навукова-даследчы прагрэс і інавацыйныя працэсы ў аграпрамысловым комплексе з’яўляюцца ключавымі складнікамі эканамічнага развіцця ЗША і Беларусі, якія дазваляюць весці бесперапыннае абнаўленне вытворчасці на аснове засваення дасягненняў навукі і тэхнікі “.

Як было адзначана, дадзены семінар з’яўляецца вынікам назіраемай у апошнія гады актывізацыі сумеснай дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з амерыканскімі партнёрамі, у першую чаргу з Нацыянальнымі акадэміямі ЗША. Падпісаны Пагадненні аб супрацоўніцтве Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з сусветнымі лідарамі ў галіне інфармацыйных тэхналогій: «Х’юлет-Пакард», «Дэл», «Óракл», «Сѝско» і іншымі. Рэалізаваны кантракты на пастаўку абсталявання, распрацоўку праграмнага забеспячэння, правядзенне сертыфікацыі, распрацоўку і аналіз новых матэрыялаў па заказе амерыканскіх партнёраў.

Аднак, як адзначыў старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, "гэты ўзровень далёкі ад наяўнага патэнцыялу. Сёння і амерыканскаму, і беларускаму бакам відавочная неабходнасць пашырэння сумеснай навуковай дзейнасці, накіраванай на практычнае ўкараненне вынікаў у рэальны сектар эканомікі дзвюх дзяржаў”. У сваю чаргу дырэктар офіса Цэнтральнай Еўропы і Еўразіі Нацыянальных акадэмій ЗША Глен Швейцэр (Glenn Schweitzer) пацвердзіў намеры амерыканскага боку нарошчваць супрацоўніцтва з беларускімі навуковымі арганізацыямі. У ходзе цяперашняга візіту плануецца абмеркаваць механізмы ўкаранення навуковых даследаванняў у практыку, у рэальны сектар эканомікі. У прыватнасці, амерыканскі бок зацікаўлены ў супрацоўніцтве з беларускімі калегамі па цэлым шэрагу напрамкаў у галіне сельскай гаспадаркі. Сярод іх - абнаўленне карт глебаў, зніжэнне выкарыстання антыбіётыкаў у птушкагадоўлі, павышэнне ўзроўню кантролю якасці ўраджаю сельскагаспадарчай прадукцыі, укараненне інавацый у агародніцтве і г.д.

Дэлегацыя навуковых колаў Злучаных Штатаў Амерыкі прыехала ў Мінск для ўдзелу ў другім Беларуска-амерыканскім семінары па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве на тэму "Навука для сельскай гаспадаркі", які праходзіць на базе НАН Беларусі 2-3 мая 2017 года. У складзе дэлегацыі - прадстаўнікі Нацыянальных акадэмій ЗША, Нацыянальнай асацыяцыі кіраўнікоў каледжаў і ўніверсітэтаў, Цэнтра міжнародных сувязей па пытаннях харчавання, сельскай гаспадаркі і прыродных рэсурсаў універсітэта штата Мічыган, Цэнтра раслінаводства ўніверсітэта штата Аёва. Амерыканскія калегі правялі перагаворы з кіраўніцтвам НАН Беларусі аб перспектыўных напрамках беларуска-амерыканскага супрацоўніцтва ў галіне аграрных даследаванняў, прымаюць удзел у другім Беларуска-амерыканскім семінары па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве на тэму “Навука для сельскай гаспадаркі”. Плануецца, што члены амерыканскай дэлегацыі наведаюць Беларускі рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў, Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі, НПЦ НАН Беларусі па харчаванні, Інстытут падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі, НПЦ НАН Беларусі па земляробстве, НПЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі, Цэнтральны батанічны сад.

Першы Беларуска-Амерыканскі семінар па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве адбыўся на базе НАН Беларусі 13-18 снежня 2015 года.