Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

05.06.2017

44 арганізацыі НАН Беларусі прымуць удзел у 27-й Міжнароднай спецыялізаванай выставе “БЕЛАГРА-2017”

44 арганізацыі НАН Беларусі прымуць удзел у 27-й Міжнароднай спецыялізаванай выставе “БЕЛАГРА-2017”. Усяго вучоныя і спецыялісты Акадэміі навук прадставяць звыш 200 распрацовак і тэхналогій. Арганізацыі Аддзялення аграрных навук будуць прадстаўлены на адкрытай пляцоўцы экспазіцыяй, якая займае плошчу 2238 кв. м. Сельскагаспадарчая прадукцыя, машыны, абсталяванне будуць дэманстравацца ў тэхналагічным ланцужку з сучаснымі энергазберагальнымі тэхналогіямі ўсіх галін, звязанымі як з вытворчасцю прадукцыі, так і з яе перапрацоўкай, транспарціроўкай, захоўваннем і рэалізацыяй. Арганізацыі неаграрнага профілю прадставяць калектыўную экспазіцыю на закрытай плошчы ТЛЦ “Глобус Парк” плошчай 114 кв. м. На выставе будуць прадстаўлены распрацоўкі ў сферы біятэхналогій, экалогіі, святлодыёднай тэхнікі для сельскай гаспадаркі.

У Год навукі на “БЕЛАГРА-2017” акадэмічныя вучоныя-аграрыі арганізуюць цэлы шэраг навуковых форумаў. Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па харчаванні запрашае прыняць удзел у Першым Кангрэсе “Навука, харчаванне і здароўе”, сімпозіуме “Узбагачэнне харчовых прадуктаў мікранутрыентамі, семінарах “Сучасныя падыходы ў галіне экспертызы якасці і бяспекі харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў” і “Харчаванне дзяцей, цяжарных жанчын і кормячых маці”, круглым стале “Праблемныя пытанні па дзіцячым харчаванні”. Вялікі блок мерапрыемстваў падрыхтавалі спецыялісты Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі. Так, пройдуць семінары на тэмы “Комплекс машын для забеспячэння інавацыйных тэхналогій апрацоўкі глебы, унясення ўгнаенняў, уборкі і пасляўборачнай дапрацоўкі раслінаводчай прадукцыі”, “Тэхналогіі і абсталяванне для выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі і мясцовых відаў паліва ў сельскай гаспадарцы Рэспублікі Беларусь”. Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па жывёлагадоўлі чакае спецыялістаў на семінары “Тэхнічнае забеспячэнне нарыхтоўкі, падрыхтоўкі і раздачы кармоў у жывёлагадоўчай галіне. Навукова-тэхнічная вытворчасць свінагадоўчай прадукцыі”. Пройдзе таксама семінар па дакладным земляробстве.

27-я Міжнародная спецыялізаваная выстава “БЕЛАГРА-2017” пройдзе 6-10 чэрвеня 2017 года. Удзел у ёй прымуць больш за 500 кампаній з Беларусі, Аўстрыі, Балгарыі, Велікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Італіі, Кітая, Латвіі, Літвы, Малдовы, Галандыі, Польшчы, Расіі, Славеніі, ЗША, Турцыі, Украіны, Францыі, Чэхіі, Швейцарыі, Эстоніі, Ірана, Пакістана, ААЭ і іншых краін.