Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

18.06.2017

Супрацоўнікі Інстытута радыебіялогіі НАН Беларусі прынялі ўдзел у міжнароднай навуковай канферэнцыі RAD 2017

Пятая міжнародная навуковая канферэнцыя RAD 2017 “Радыяцыя і яе выкарыстанне ў розных галінах даследаванняў” прайшла 12-16 чэрвеня 2017 года ў г. Будва, Чарнагорыя. У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 200 чалавек з 60 краін. На канферэнцыі абмяркоўваліся пытанні, якія тычацца агульных праблем радыебіялогіі, адказу біялагічных сістэм на ўздзеянне іанізуючых выпраменьванняў, дазіметрыі і радыяцыйных вымярэнняў, радыяцыйнай абароны, радыеэкалогіі, радыеактыўнасці і хіміі навакольнага асяроддзя, радыяхіміі, біяфізікі і фізікі навакольнага асяроддзя.

Ад НАН Беларусі ў канферэнцыі прынялі ўдзел дырэктар Інстытута радыебіялогіі І.А. Чэшык, і загадчык лабараторыі радыеэкалогіі інстытута А.М. Нікіцін. Чэшык І.А. прадставіў даклад аб перспектывах выкарыстання мікрабіялагічных дабавак для зніжэння ўзроўняў назапашвання 137Cs у арганізме. Нікіцін А.М. прадставіў вынікі навуковых даследаванняў лабараторыі радыеэкалогіі ў галіне паводзін 137Cs і трансуранавых элементаў у сістэме “глеба-расліны”. Таксама быў прадстаўлены даклад, прысвечаны аналізу ролі мікарызаўтваральных грыбоў у назапашванні ў надземных і падземных органах раслін радыеактыўных ізатопаў цэзію, амерыцыю і плутонію.

У ходзе канферэнцыі супрацоўнікі Інстытута радыебіялогіі правялі перамовы з прадстаўнікамі навуковых арганізацый краін ЕС, Расіі і Украіны. Абмеркаваны перспектывы падрыхтоўкі сумесных навуковых праектаў.

Больш падрабязна пра мерапрыемства на сайце
Інстытута радыебіялогіі НАН Беларусі