Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

23.06.2017

Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі прыме ўдзел у канферэнцыі, прысвечанай пытанням даўгалецця ў Сардзініі

24 чэрвеня 2017 года ў г. Кальяры (Аўтаномны рэгіён Сардзінія, Італія) пройдзе міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная пытанням даўгалецця і актыўнага старэння. У канферэнцыі прымуць удзел спецыялісты з Італіі, Іспаніі і Рэспублікі Беларусь.

Правядзенне дадзенага мерапрыемства на Сардзініі з’яўляецца працягам супрацоўніцтва, пачатак якога быў пакладзены правядзеннем Міжнароднага навукова-практычнага семінара “Параўнанне сардзінскай міжземнаморскай дыеты і беларускай дыеты ў мэтах падтрымання здароўя і актыўнага ладу жыцця ў сталым узросце”, які адбыўся ў лістападзе 2016 года ў НАН Беларусі.

У будучым плануюцца сумесныя навуковыя даследаванні Аўтаномнага рэгіёна Сардзінія і Рэспублікі Беларусь, якія будуць накіраваны на вывучэнне сардзінскіх і беларускіх доўгажыхароў, якія перайшлі ўзроставую адзнаку 100 гадоў.

З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў канферэнцыі звернуцца: памочнік Прэзідэнта Аўтаномнага рэгіёна Сардзінія па праектах міжнароднага супрацоўніцтва Марка Секі, дэпутат італьянскага Парламента Раміна Мура, мэр горада Кальяры Масіма Дзедда, дырэктар Цэнтра міжнародных сувязей Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Самуйліч, Ганаровы Консул Рэспублікі Беларусь у Кальяры Джузэпэ Карбоні. Беларускі бок на канферэнцыі прадставіць Алена Макеева - кіраўнік Нацыянальнага каардынацыйнага цэнтра па пытаннях доступу да генетычных рэсурсаў і сумеснага выкарыстання выгад Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі.

Мерапрыемства адбудзецца па ініцыятыве Прэзідэнта “Сусветнай супольнасці па вывучэнні пытанняў даўгалецця” Раберта Пілі.

Востраў Сардзінія лічыцца “Блакітнай зонай” - гэта адзін з пяці рэгіёнаў свету з найбольшай колькасцю доўгажыхароў, супрацоўніцтва сардзінскіх і беларускіх экспертаў будзе спрыяць паглыбленаму вывучэнню сувязі паміж даўгалеццем, харчаваннем, прыродай і стылем жыцця, а таксама роляй генетычных фактараў.