Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

11.08.2017

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў правёў сустрэчу з касманаўтам Алегам Навіцкім

11 жніўня ў НАН Беларусі адбылася сустрэча Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова з касманаўтам Алегам Навіцкім. Галоўнай тэмай перагавораў стала падрыхтоўка да правядзення 31-га Міжнароднага кангрэса Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў, які адбудзецца ў Беларусі ў верасні 2018 года, а таксама ўдзел у гэтым форуме расійскіх касманаўтаў.

Як падкрэсліў Уладзімір Гусакоў, “Мы надаем асаблівую знчнасць правядзенню гэтага Кангрэса ў Беларусі, у якім прымуць удзел прастаўнікі дзясяткаў краін свету. Гэта мерапрыемства адыграе важную ролю ва ўмацаванні іміджу Беларусі як касмічнай дзяржавы. У гэтай сувязі Вашы рэкамендацыі і пажаданні па арганізацыі, плане правядзення, праграме знаходжання ўдзельнікаў форуму ў Мінску маюць вялікае значэнне”.

Алег Навіцкі паабяцаў прыняць удзел у гэтым важным міжнародным форуме.

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў азнаёміў касманаўта з дасягненнямі Беларусі ў касмічнай сферы. Як было падкрэслена, з запускам Беларускага касмічнага апарата сумесна з расійскім КА “Канопус-В” №1 22 ліпеня 2012 года наша краіна ўвайшла ў лік сусветных дзяржаў і атрымала магчымасць рэальнага ўдзелу ў міжнародных структурах і праектах па выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах. На 68-й сесіі Генасамблеі ААН 1 лістапада 2013 года Беларусь прынята ў члены Камітэта ААН па выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах.

Уладзімір Гусакоў расказаў, што зараз Беларусь і Расія прыступілі да стварэння новага расійска-беларускага касмічнага апарата ДЗЗ звышвысокага распазнавання (РБКА). Сукупнасць тэхнічных характарыстык новага РБКА, да стварэння якога расійскія і беларускія спецыялісты прыступілі ў гэтым годзе, дазволіць атрымліваць касмічныя здымкі з параметрамі, якія на сусветным рынку яшчэ адсутнічаюць, а значыць ‒ гарантуюць попыт на выраб такіх КА. Можна гаварыць пра серыйную іх вытворчасць. Акрамя таго, новыя магчымасці з’яўляюцца ў карыстальнікаў касмічнай інфармацыі, рэальнасцю становяцца лічбавыя кадастравыя мадэлі буйных гарадоў, іншыя высокатэхналагічныя інфармацыйныя дадаткі, істотна павышаецца ўзровень задач, якія вырашаюцца для павышэння абараназдольнасці і бяспекі Беларусі і Саюзнай дзяржавы. Як вядома, у Маскве 30 чэрвеня 2017 года Старшынёй Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімірам Гусаковым і генеральным дырэктарам Дзяржкарпарацыі “Раскосмас” Ігарам Камаровым падпісаны Мемарандум аб намерах па стварэнні новага расійска-беларускага касмічнага апарата ДЗЗ (РБКА), які плануецца распрацаваць у цеснай кааперацыі беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў.

Сёння ў перагаворах у НАН Беларусі прынялі ўдзел таксама кіраўнік апарату НАН Беларусі Пётр Віцязь, начальнік упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва апарату НАН Беларусі Уладзімір Падкапаеў і дырэктар Навукова-інжынернага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Геаінфармацыйныя сістэмы” НАН Беларусі, галоўны канструктар Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі Сяргей Залатой. Касманаўт Алег Навіцкі азнаёміўся з экспазіцыяй Музея гісторыі НАН Беларусі і пастаяннай выстаўкі “Дасягненні айчыннай навукі - вытворчасці. Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў, які адбудзецца ў Беларусі ў верасні 2018 года, збярэ дэлегатаў з больш чым 30 краін. Як чакаецца, мерапрыемствы кангрэса будуць праходзіць у Беларусі на працягу тыдня. Дэлегатам прапануюць наведаць некалькі інстытутаў НАН Беларусі і азнаёміцца з дасягненнямі Беларусі ў касмічнай сферы. Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў штогод збірае вядомых касманаўтаў і астранаўтаў, прадстаўнікоў навукова-даследчых устаноў, нацыянальных касмічных агенцтваў. Асацыяцыя ўдзельнікаў касмічных палётаў ‒ міжнародная некамерцыйная арганізацыя, якая аб’ядноўвае касманаўтаў і астранаўтаў з многіх краін. Створана ў 1985 годзе для абмену вопытам ў галінепілатуемых касмічных палётаў.