Менш чым за адзін год (са жніўня 2016 г. па ліпень 2017 г.) выкананы работы па разліках, мадэляванні, вырабе і тэсціраванні ўсіх кампанентаў сілавога электрапрываду і яго сістэмы кіравання электрамабіля. Гэтыя работы выконваліся ў рамках ДПНД “Механіка, металургія, дыягностыка ў машынабудаванні”. Такім чынам, уся кампанентная база цягавага электрапрываду першага беларускага электрамабіля лакалізавана ў Беларусі. Як расказаў журналістам генеральны дырэктар Аб’яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі Сяргей Паддубка, аўтамабіль праектуецца пад гарадскія ўмовы: “Магутнасць рухавіка – 60 кВт, гэта дзесьці 80 к.с. Гэтага цалкам дастаткова для працы ў горадзе. Максімальная хуткасць, якую мы выпрабавалі на гэтым палігоне , – 110 км/гадз.”.
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў адзначыў, што сёння перад вучонымі Нацыянальнай акадэміі навук стаіць задача дабіцца максімальнай лакалізацыі беларускага электрамабіля. Па яго словах, уся электрасістэма прадэманстраванага электрамабіля распрацавана беларускімі вучонымі. Зараз прапрацоўваюцца варыянты, дзе можна арганізаваць серыйную вытворчасць. Па ацэнцы Уладзіміра Гусакова, эксперыментальны ўзор выкананы на вельмі высокім якасным узроўні. “Прыязджалі замежныя эксперты, у тым ліку з Германіі, вельмі зацікавіліся і прапанавалі супрацоўніцтва”, – расказаў ён.
Пакуль элементам, які купляецца, з’яўляецца толькі цягавая батарэя-накапляльнік электраэнергіі (конкурс на пастаўку батарэі выйграла расійская кампанія “Энер-зэт”, Санкт-Пецярбург). Пастаўлена задача асвоіць вытворчасць батарэй у Беларусі. У Навукова-практычным цэнтры НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве створаны новы эфектыўны матэрыял, які можа паслужыць асновай суперкандэнсатара-накапляльніка электраэнергіі для транспартных машын. Як расказаў генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве Валерый Федасюк, “У нас атрымаліся вопытныя ўзоры суперкандэнсатара. Ёсць напрацоўкі па накапляльніку энергіі. Мяркуецца, што айчынная распрацоўка будзе каштаваць істотна менш, чым імпартная прадукцыя, але не за кошт якасці”.
На мерапрыемстве была прадэманстравана яшчэ адна распрацоўка – мотакола і створаны на яго базе электравеласіпед. Як расказаў генеральны дырэктар ААТ “Прыборабудаўнічы завод “Аптрон” НАН Беларусі Мікалай Янкевіч, беларускія электравеласіпеды могуць з’явіцца ў продажы вясной 2018 года. Па яго словах, кіраўніцтва прыборабудаўнічага завода “Аптрон” разлічвае арганізаваць вытворчасць на сваёй базе, але пры гэтым захаваць брэнд “Бусел”, таму што гэтая гандлёвая марка вядома не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.
Магутнасць матора электравеласіпеда складае 600 ват, ён працуе ад акумулятара. На сённяшні дзень ААТ “Прыборабудаўнічы завод “Аптрон” вядзе актыўную распрацоўку серыі электратранспарту, у прыватнасці электравеласіпедаў розных мадыфікацый, гірабордаў, гіраскутараў, монакола, электраскутараў, электрасамакатаў і іншых.