Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

19.09.2017

У НАН Беларусі пачаў працу IX з'езд хімікаў Беларусі

19 верасня 2017 года ў НАН Беларусі пачаў работу IX з’езд хімікаў Беларусі. На парадку дня з’езда: справаздача выканаўчага дырэктара ГА “Беларускае хімічнае таварыства” акадэміка У.Я. Агабекава; навуковы даклад намесніка галоўнага вучонага сакратара НАН Беларусі, вучонага сакратара БХТ Н.М. Літвінка; выступленне старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, члена-карэспандэнта НАН Беларусі С.К. Рахманава; выступленні ўдзельнікаў з’езда; выбары кіруючых органаў БХТ.

Да прысутных з прывітальным словам звярнуўся Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў. У сваёй прамове ён адзначыў важнасць існавання ГА “Беларускае хімічнае таварыства”, а таксама выказаў пажаданне, каб акадэмія працягнула заставацца пляцоўкай, якая аб’ядноўвае інтэлектуальныя сілы хімічнай навуковай супольнасці Рэспублікі Беларусь. Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі адзначыў дасягненні хімікаў і абазначыў перспектыўныя напрамкі работы (кампазіцыйныя лекавыя прэпараты, паглыбленая перапрацоўка нафты, лесахімія, новыя віды угнаенняў) на бліжэйшыя гады, а таксама падкрэсліў неабходнасць высокаўзроўневай падрыхтоўкі і нарошчвання кадравага патэнцыялу.