Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

19.09.2017

20 верасня 2017 года дзесяцітысячны кліент атрымае свой генетычны пашпарт у ДНУ “Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі”

У ДНУ “Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі” з 2010 года складаюцца генетычныя пашпарты для жыхароў Рэспублікі Беларусь і іншых краін. 20 верасня 2017 года Інстытут генетыкі чакае свайго дзесяцітысячнага кліента. У адзначэнне гэтай выдатнай падзеі арганізацыя правядзе спецыяльныя акцыі і ўручыць памятныя прэзенты сваім кліентам.

Буйныя дасягненні ў медыцыне цесна звязаны з поспехамі фундаментальных навук, у тым ліку біялагічных. Расшыфроўка геному чалавека паказала, што ўсе людзі ў сваёй генетычнай аснове розныя. Таму да кожнага чалавека неабходны індывідуальны, персанальны падыход.

Сучасная база персанальнага падыходу грунтуецца на малекулярна-біялагічнай дыягностыцы і вызначэнні біямаркераў, якія звязаны з развіццём і працягласцю хвароб. На аснове атрыманых даных вучоныя-генетыкі фарміруюць генетычны пашпарт чалавека. Наяўнасць такога пашпарта стварае аптымальныя ўмовы для вызначэння рызыкі ўзнікнення захворвання (прадказальная або прэдыктыўная медыцына) і персанальнай прафілактыкі (прэвентыўная або прафілактычная медыцына). Ведаючы пра сваю генетычную схільнасць, чалавек можа скарэкціраваць лад жыцця так, каб пазбегнуць уплыву асяроддзевых фактараў рызыкі і тым самым прадухіліць хваробу.