Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

27.09.2017

27 верасня 2017 года пачынае работу Міжнародная навуковая канферэнцыя “Радыебіялогія: Выклікі XXI стагоддзя”, прысвечаная 30-годдзю Інстытута радыебіялогіі

27-29 верасня ў ДНУ “Інстытут радыебіялогіі НАН Беларусі” па адрасе г. Гомель, вул. Фядзюнінскага, 4, адбудзецца Міжнародная навуковая канферэнцыя “Радыебіялогія: Выклікі XXI стагоддзя”, прысвечаная 30-годдзю Інстытута радыебіялогіі.

У працы Міжнароднай навуковай канферэнцыі прымуць удзел вядучыя вучоныя з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана і Японіі, а таксама спецыялісты і кіраўнікі органаў дзяржкіравання, члены пастаянных камісій Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

На канферэнцыі будуць абмяркоўвацца вынікі навуковых даследаванняў па актуальных праблемах медыцынскіх і біялагічных наступстваў радыяцыйнага забруджвання. Будуць абмеркаваны розныя падыходы і задачы працэсу доўгатэрміновай рэабілітацыі забруджаных тэрыторый, рэалізацыі контрзахадаў для барацьбы з забруджваннямі навакольнага асяроддзя на аддаленым этапе пасля ядзерных аварый на Чарнобыльскай АЭС і на Фукусіма-1, а таксама на Сяміпалацінскім выпрабавальным ядзерным палігоне. Будуць прадстаўлены даклады аб існуючых сістэмах рэагавання ў выпадку надзвычайных сітуацый у зонах радыеактыўнага забруджвання і праблемы пераадолення наступстваў радыяцыйных аварый. Будуць разгледжаны пытанні прымянення сродкаў і метадаў падаўжэння жыцця чалавека і паляпшэнне яго якасці ва ўмовах антрапагенна павышанага фону іанізуючых і неіанізуючых выпраменьванняў.

Матэрыялы канферэнцыі будуць апублікаваны ў зборніку матэрыялаў канферэнцыі.

Адкрыццё Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Радыебіялогія: Выклікі XXI стагоддзя”, прысвечанай 30-годдзю Інстытута радыебіялогіі 27 верасня ў 11.00 у ДНУ “Інстытут радыебіялогіі НАН Беларусі” г. Гомель, вул. Федзюнінскага, 4, канферэнц-зала, 4 паверх.

Старонка канферэнцыі на сайце Інстытута

ДНУ “Інстытут радыебіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” - вядучая навуковая ўстанова краіны ў галіне радыебіялогіі, створаная ў 1987 годзе пастановай Савета Міністраў БССР для вырашэння навуковых праблем ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У 2003 годзе, у адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі аб сканцэнтраванні ў г. Гомелі навуковага патэнцыялу, які займаецца праблемамі ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, ажыццёўлены перавод Інстытута радыебіялогіі з горада Мінска ў горад Гомель.