Цэнтр створаны ў рамках супрацоўніцтва паміж Інстытутам філасофіі НАН Беларусі і Ліннаньскім педагагічным універсітэтам (КНР). Структура будзе ажыццяўляць сваю дзейнасць на базе абедзвюх устаноў. Урачыстае адкрыццё Беларуска-кітайскага даследчага цэнтра філасофіі і культуры ў Інстытуце філасофіі НАН Беларусі пройдзе падчас Першага беларускага філасофскага кангрэса ў кастрычніку 2017 года.
Ліннаньскі педагагічны ўніверсітэт разглядае ўзаемадзеянне з Інстытутам філасофіі НАН Беларусі, як гістарычны шанс для інтэнсіфікацыі кантактаў з беларускімі ВНУ і навуковымі ўстановамі, а таксама для ўдзелу ў будаўніцтве “Эканамічнага пояса Шаўковага шляху”, - заявіў у ходзе прэзентацыі кіраўнік Ліннаньскага педагагічнага ўніверсітэта доктар Лю Мінгуй. Паводле яго слоў, створаны цэнтр павінен ператварыцца ў важную платформу для культурных абменаў паміж дзвюма краінамі.
У сваім выступленні дырэктар Інстытута філасофіі НАН Беларусі А. А. Лазарэвіч даў высокую ацэнку ўніверсальным каштоўнасцям і гістарычнай мудрасці, уласцівым кітайскай філасофіі і славеснасці. Беларуска-кітайскі цэнтр унясе ўклад у развіццё філасофскай культуры ў дзвюх краінах і актывізацыю двухбаковых адносін, перакананы вучоны.
У ходзе праведзеных перагавораў кіраўнікоў Ліннаньскага педагагічнага ўніверсітэта і Інстытута філасофіі НАН Беларусі было дасягнута пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы навуковых даследаванняў, абмену і падрыхтоўкі спецыялістаў. Новы цэнтр таксама закліканы арганізаваць шэраг навуковых мерапрыемстваў для папулярызацыі культуры Кітая і Беларусі на фоне сумеснай рэалізацыі ініцыятывы “Эканамічнага пояса Шаўковага шляху”.