На арганізацыйным камітэце падрабязна абмеркаваны пытанні гатоўнасці ўсіх службаў да правядзення II З’езда вучоных Рэспублікі Беларусь, рэалізацыя і матэрыяльна-тэхнічнае суправаджэнне мерапрыемстваў па правядзенні з’езда, удзел у ім прадстаўнікоў замежных навуковых арганізацый.
II З’езд вучоных Рэспублікі Беларусь будзе праходзіць 12 - 13 снежня 2017 года. У ім прымуць удзел 2100 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў краіны. Чакаецца прыезд вялікай колькасці вядомых вучоных Саюзнай дзяржавы, СНД, вядучых замежных Акадэмій навук, сусветных навукова-даследчых арганізацый і цэнтраў.
У першы дзень работы з’езда дэлегаты і запрошаныя будуць працаваць па 9 секцыях, прысвечаных асноўным напрамкам развіцця навукі і міжнароднаму супрацоўніцтву. Прадугледжана таксама арганізацыя маладзёжнай секцыі. Праца секцый будзе праходзіць у арганізацыях НАН Беларусі, а таксама ў арганізацыях іншых міністэрстваў і ведамстваў. 12 снежня будуць працаваць секцыі: “Фізіка і інфарматыка ў тэхналогіях будучыні” (месца правядзення - ДНУ “Інстытут фізікі імя Б.І. Сцяпанава НАН Беларусі”); “Тэхнічныя навукі - Індустрыя 4.0” (месца правядзення - Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт); “Сучасная хімія і рацыянальнае прыродакарыстанне” (месца правядзення - Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт); “Сучасныя біятэхналогіі” (месца правядзення дзяржаўная навуковая ўстанова “Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча НАН Беларусі”); “Медыцынскія і фармацэўтычныя навукі” (месца правядзення - ДНУ “Беларуская медыцынская акадэмія паслядыпломнай адукацыі”); “Айчынная гуманітарыстыка – грамадству” (месца правядзення - будынак Прэзідыума НАН Беларусі Вялікая канферэнц-зала); “Інавацыйны аграпрамысловы комплекс” (месца правядзення - РУП “Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі”); “Моладзь і новыя гарызонты навукі” (месца правядзення - УА “Ліцэй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта”); “Міжнароднае навуковае ўзаемадзеянне на сучасным этапе” (месца правядзення - Прэзідыум НАН Беларусі. У рамках работы секцыі адбудзецца пасяджэнне Савета Міжнароднай Асацыяцыі акадэмій навук (МААН) і пасяджэнне Кансультатыўнага савета па пытаннях аховы інтэлектуальнай уласнасці і перадачы тэхналогій пры МААН.
Пленарнае пасяджэнне адбудзецца 13 снежня 2017 года. Ключавым дакументам, які будзе вынесены на II З’езд вучоных Беларусі, стане Праект Стратэгіі “Навука і тэхналогіі: 2018-2040”. У цяперашні час ён праходзіць грамадскае абмеркаванне. У Стратэгіі вызначаны прыярытэты доўгатэрміновага развіцця навукі і тэхналогій, а таксама комплекс інструментаў удасканалення навукова-тэхнічнай сферы, якія забяспечаць новую якасць эканамічнага росту Беларусі і выхад у перспектыве на сусветны ўзровень канкурэнтаздольнасці па шэрагу напрамкаў. Стратэгія распрацавана вучонымі НАН Беларусі з улікам заўваг і прапаноў, што паступілі ад органаў дзяржкіравання, рабочых груп і асобных вучоных. Мяркуецца, што дзякуючы рэалізацыі Стратэгіі да 2040 года навукаёмістасць ВУП павінна скласці 3%, доля прарыўных навуковых даследаванняў і распрацовак - 30% у агульным аб’ёме, доля высокатэхналагічных сектараў ў структуры эканомікі - 10%. У агульным аб’ёме вытворчасці прампрадпрыемстваў 25% будзе займаць інавацыйная прадукцыя.
2017 год аб’яўлены Годам навукі і правядзенне з’езда стане яго выніковым мерапрыемствам. На з’ездзе будуць вызначаны асноўныя і найбольш актуальныя задачы і напрамкі развіцця навуковай сферы, якія маюць доўгатэрміновы характар, па пашырэнні міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва і інтэграцыі айчыннай навукі ў сусветную навуковую прастору; выпрацаваны генеральная стратэгія развіцця і павышэння ролі айчыннай навукі ў эканоміцы, яе ўзаемадзеянні з рэальным сектарам, фарміраванні эфектыўнай нацыянальнай інавацыйнай сістэмы і паступальнай рэалізацыі мадэлі новай эканомікі, эканомікі ведаў у Рэспубліцы Беларусь, канцэпцыя доўгатэрміновай навукова-інавацыйнай бяспекі краіны.