Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

05.12.2017

У НАН Беларусі пройдзе цырымонія гашэння паштовага блока “Выдатныя вучоныя Беларусі”

7 снежня (чацвер) 2017 года ў 11.00 у НАН Беларусі (Мінск, пр. Незалежнасці, 66, зала пасяджэнняў Прэзідыума НАН Беларусі, п. 216) пройдзе цырымонія гашэння паштовага блока “Выдатныя вучоныя Беларусі”.

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі 7 снежня 2017 года выпускае ў абарачэнне паштовы блок “Выдатныя вучоныя Беларусі”. У дзень выпуску ў абарачэнне новых паштовых марак у НАН Беларусі пройдзе цырымонія афіцыйнага гашэння. Цырымонія гашэння марак і канвертаў спецыяльным паштовым штэмпелем - гэта адмысловая ўрачыстая працэдура, якая дае магчымасць адчуць дачыненне да важнай падзеі не толькі ў філатэліі, але і ў гісторыі беларускай навукі.

Беларусь ганарыцца выбітнымі вучонымі, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё навукі. Іх імёны вядомыя не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Мастацкай асновай паштовага блока сталі партрэты вядомых акадэмікаў НАН Беларусі: Усевалада Ігнатоўскага (1-ы прэзідэнт Беларускай акадэміі навук снежань 1928 г.- студзень 1931), Паўла Горына (2-і прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі - люты 1931- люты 1936 г .); Васіля Купрэвіча (7-ы прэзідэнт Акадэміі навук БССР - студзень 1952 г. - сакавік 1969 г.) і Мікалая Барысевіча (8-ы прэзідэнт Акадэміі навук БССР - май 1969- сакавік 1987 г.).

У блоку чатыры маркі наміналу “А”, які адпавядае тарыфу на перасылку простага ліста масай да 20 грамаў уключна ў межах Беларусі. Тыраж блока - 15 тыс.