Як паведаміў журналістам Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Гусакоў Уладзімір Рыгоравіч, мінулы год быў вельмі прадуктыўным для беларускай навукі, таму ў 2018 годзе неабходна захаваць дасягнуты раней узровень эфектыўнасці работы вучоных. НАН Беларусі сфарміруе топ-100 лепшых распрацовак 2017 года - Года навукі для розных галін эканомікі. “У нас склалася традыцыя пры падвядзенні вынікаў года вызначаць топ-10 найбольш значных навуковых дасягненняў. Мы на днях ужо апублікавалі топ-10 распрацовак за 2017 год. Цяпер фарміруем топ-100 па выніках мінулага года для розных галін эканомікі” , - сказаў Уладзімір Гусакоў.
Сярод топ-10 вынікаў дзейнасці вучоных НАН Беларусі за 2017 год у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў – распрацоўка малагабарытнага мабільнага суперкамп’ютара для апрацоўкі вялікіх масіваў даных і рашэння задач высокадакладнага мадэлявання і праектавання, усталяванне малекулярнага механізма падаўлення імунітэту чалавека мікабактэрыямі Mycobacterium tuberculosis з мэтай стварэння процітуберкулёзных прэпаратаў новага пакалення, метадалогія канвертавання электроннага арфаграфічнага запісу беларускіх слоў у фанетычную транскрыпцыю і стварэнне першага поўнага беларускага лінгвістычнага даведніка, а таксама адкрыццё ў Палессі ўнікальных для сусветнай гістарычнай навукі славянскіх паселішчаў.
Гусакоў У.Р. падкрэсліў, што зараз у Нацыянальнай акадэміі навук абмяркоўваецца магчымасць стварэння Акадэмтэхнаграда. Яго канцэпцыя задумваецца паводле падабенства ўжо рэалізаванага праекта БелБіяград. Мяркуецца, што Акадэмтэхнаград аб’яднае ўсе напрамкі тэхнічна-інжынернага профілю. Падобны праект павінен дапамагчы ўкараняць найноўшыя распрацоўкі інжынерных навук у масавую вытворчасць. Па задумцы вучоных, Акадэмтэхнаград дазволіць як якасна, так і колькасна ўдасканаліць працэс выкарыстання на практыцы тэхнічных навінак беларускіх вучоных.