Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

30.01.2018

Адбылася прэс-канферэнцыя “Рашэнне праблем, звязаных з аховай і рацыянальным выкарыстаннем водна-балотных угоддзяў”

У Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь 30 студзеня 2018 года адбылася прэс-канферэнцыя “Рашэнне праблем, звязаных з аховай і рацыянальным выкарыстаннем водна-балотных угоддзяў”, прысвечаная Сусветнаму дню водна-балотных угоддзяў. Ад НАН Беларусі ў мерапрыемстве прыняў удзел загадчык сектара міжнароднага супрацоўніцтва і суправаджэння прыродаахоўных канвенцый Дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання “Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах” Аляксандр Васільевіч Казулін.

Аляксандр Казулін расказаў журналістам, што ў Беларусі зацверджана стратэгія захавання і рацыянальнага (устойлівага) выкарыстання тарфянікаў і схема размеркавання тарфянікаў па напрамках выкарыстання на перыяд да 2030 года. “Падрыхтоўка праекта закона “Аб ахове і выкарыстанні балот (тарфянікаў)” з’яўляецца лагічным працягам гэтай працы”, - падкрэсліў ён.

Таксама загадчык сектара паведаміў, што Беларусь і Літва рэалізуюць праект LIFE па аднаўленні месцаў пражывання вяртлявай чаротаўкі. “У пачатку 2018 года мы пачалі рэалізацыю сумеснага з Літвой праекта LIFE, які разлічаны на пяць гадоў. Ён накіраваны на захаванне рэдкага віду птушак – вяртлявай чаротаўкі, адраджэнне месцаў яе пасялення. Плануем правесці паскоранае аднаўленне выпрацаваных тарфянікаў з прымяненнем методыкі пасадкі балотных раслін. Збіраемся ўзяць з нізіннага балота верхні пласт расліннасці, размеркаваць яго па спецыяльнай тэхналогіі і затым падняць узровень вады. Гэта забяспечыць на працягу трох гадоў стварэнне нізіннага балота з усімі яго функцыямі”, - сказаў Аляксандр Казулін. Таксама плануецца адрадзіць папуляцыю вяртлявай чаротаўкі ў Літве. “Птушаняты будуць перавезены з Беларусі ў запаведнік “Жувінтас” у Літве, што дасць магчымасць стварыць новую стабільную папуляцыю. За гэта літоўцы нам выдзеляць $ 80 тыс. для працягу аптымізацыі гідралагічнага рэжыму заказніка “Званец”, - адзначыў вучоны.