Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

07.02.2018

НАН Беларусі прадставіць у Францыі вынікі беларуска-французскіх археалагічных экспедыцый

НАН Беларусі прыме ўдзел у выставе “Напалеон на Беразіне - міф і рэальнасць”, якая пройдзе ў горадзе Монтра-Фот-Ён (дэпартамент Сена і Марна, Францыя) з 9 па 18 лютага 2018 года. На дадзенай выставе будуць прадстаўлены вынікі беларуска-французскіх археалагічных экспедыцый.

На працягу 2012-2017 гг. Інстытут гісторыі НАН Беларусі арганізаваў і правёў 6 міжнародных беларуска-французскіх археалагічных экспедыцый на месцы пераправы арміі Напалеона і Расійскай арміі праз раку Беразіну ў 1812 г.

У выніку даследаванняў 2012-2017 гг. было вывучана каля 4000 м2 у вёсцы Студзёнка (на месцы стаянкі арміі Напалеона і бою з расійскай арміяй), упершыню зроблены спробы археалагічнай лакалізацыі мастоў 1812 г. У супрацоўніцтве з дайвінг-клубам “Марскі Пегас” і археолагамі-дайверамі Брусэльскага свабоднага ўніверсітэта беларускімі археолагамі ажыццёўлены лакальныя падводныя археалагічныя даследаванні акваторыі ракі Беразіны.

На выставе “Напалеон на Беразіне - міф і рэальнасць”, з мэтай азнаямлення французскай грамадскасці, будуць прадстаўлены вынікі археалагічных даследаванняў (экспанаты), якія былі выяўлены Інстытутам гісторыі НАН Беларусі і Цэнтрам Напалеонаўскіх даследаванняў (Францыя) на месцы пераправы праз Беразіну (праект “Беразіна”). Акрамя артэфактаў, знойдзеных падчас праекта “Беразіна”, на выставе будуць экспанавацца цікавыя аб’екты напалеонаўскай эпохі з прыватных калекцый: арыгінальныя шаблі, шпагі, пісталеты, лісты, падпісаныя рукой Напалеона I, а таксама карты, гравюры і карціны, рэпрадукцыі, якія паказваюць напалеонаўскую эпоху. Пры ўдзеле рэканструктараў будзе ўзноўлены бівак напалеонаўскіх салдат.

Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі прадставіць на выставе экспазіцыю нацыянальных беларускіх строяў. Мэтай удзелу ў выставе таксама з’яўляецца пошук новых партнёраў для працягу навуковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Францыяй.