Вітаючы гасцей, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, акадэмік, доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар Аляксандр Іванавіч Лакотка адзначыў, што беларуская мова “гэта найважнейшы знак прыналежнасці да Беларусі, беларускага грамадзянства. Беларуская мова – гэта тое, што робіць нас беларусамі. Калі ёсць беларуская мова, ёсць і мы – беларусы, народ з глыбокай культурай і гісторыяй”.
Першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце, акадэмік НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец адзначыў, што ў сучасным беларускім грамадстве ўзрастае прэстыж валодання ў дасканаласці беларускай мовай. Таксама ён выказаў упэўненасць, што цяперашнія гімназісты змогуць у будучыні зрабіць шмат для таго, каб беларуская мова працягвала жыць і развівацца, менавіта таму візіт гімназістаў у Інстытут – вялікі гонар для арганізацыі.
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, кандыдат філалагічных навук Сяргей Лявонцьевіч Гаранін і вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ірына Уладзіміраўна Будзько правялі для гімназістаў адкрыты ўрок па гісторыі беларускай мовы, дзе азнаёмілі гасцей з асноўнымі вехамі ўзнікнення і развіцця пісьменства, кнігадрукавання і цікавымі фактамі пра беларускую мову на нашых землях.