Дарагія жанчыны!
Паважаныя калегі!
У бурлівым патоку падзей мы, мужчыны, часам незаслужана забываем сказаць вам, мілыя жанчыны, словы захаплення і ўдзячнасці за вашу штодзённую працу, за значны ўклад у развіццё беларускай навукі і грамадства. А гэтыя словы такія важныя! Толькі прадстаўніцы прыгожага полу здольныя спалучыць у сабе пяшчоту і мэтанакіраванасць, мудрасць і маладосць. Толькі ў жанчын дастаткова сіл, каб зрабіць і кар’еру, і напоўніць дом утульнасцю, і акружыць клопатам блізкіх.
Год ад году роля жанчыны ў нашай краіне павышаецца. Ваш высокі прафесіяналізм, творчы падыход да працы, энтузіязм і ініцыятыва адыгрываюць важную ролю ў жыцці Акадэміі навук. Бо прадстаўніцы прыгожага полу складаюць у НАН Беларусі больш за 47%. А мінулыя выбары новых правадзейных членаў (акадэмікаў) і членаў-карэспандэнтаў паказалі, што жанчыны займаюць годнае месца сярод навуковай эліты краіны.
Бягучы 2018 год аб’яўлены Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Годам малой радзімы. У кожнага з нас малая радзіма непарыўна звязана з вобразам маці, памяці, сыноўняга доўгу і сыноўняй падзякі. У сувязі з гэтым нам, навукоўцам, трэба будзе нямала зрабіць для вывучэння і захавання гісторыі, умацавання патэнцыялу рэгіёнаў нашай краіны.
Хачу пажадаць, каб сардэчнае цяпло атачала Вас заўсёды – не толькі ў гэты дзень. Няхай вам спадарожнічаюць удача і радасць адкрыццяў, а добры настрой і бадзёрасць духу не пакідаюць ніколі. Кахайце і будзьце каханымі! Здароўя, шчасця, дабрабыту і маладосці душы вам, мілыя жанчыны! Няхай у вашай душы заўсёды будзе Вясна!
Уладзімір Гусакоў,
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік