Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

07.03.2018

Беларускія палярнікі даслалі відэавіншаванне з Днём жанчын

Удзельнікі дзясятай Беларускай антарктычнай экспедыцыі віншуюць усіх жанчын краіны з цудоўным святам 8 сакавіка. У якасці падарунка яны даслалі відэавіншаванне, спецыяльна падрыхтаванае для дарагіх і любімых жанчын!

У відэавіншаванні, у прыватнасці, гаворыцца: “У гэта цудоўнае вясновае свята, мы, беларускія палярнікі, якія знаходзяцца ў Антарктыдзе, хочам сказаць вам самыя ласкавыя і цёплыя словы з самага халоднага кантынента! Шчасця, дабрабыту, радасці і здароўя!”

Як вядома, 8 лістапада 2017 года ў НАН Беларусі быў дадзены ўрачысты старт дзясятай Беларускай антарктычнай экспедыцыі. У гэтым годзе на лядовы кантынент для працягу работ па будаўніцтве станцыі і правядзенні навуковых даследаванняў у рамках заданняў дзяржаўнай праграмы па засваенні Антарктыды адправіліся сем удзельнікаў. У складзе экспедыцыі сезона 2017-2018 гг.: Аляксей Гайдашоў – начальнік экспедыцыі, удзельнік папярэдніх БАЭ, Максім Гарбацэвіч – інжынер-радыеметрыст, Аляксей Захватаў – інжынер-механік, Павел Шаблыка – інжынер-геафізік, Артур Івашка – майстар па эксплуатацыі і рамонце машын і механізмаў, Уладзімір Несцяровіч – майстар па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў і Каўко Дзмітрый Валер’евіч – урач, спецыяліст хірургічнага профілю. У цяперашні час удзельнікі дзясятай Беларускай антарктычнай экспедыцыі выконваюць вялікі комплекс навуковых даследаванняў у адпаведнасці з праграмай.