Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

04.05.2018

У НАН Беларусі адбылося пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 25-годдзя Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук

4 мая 2018 года ў НАН Беларусі адбылося пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 25-годдзя Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук. Плануецца, што асноўныя ўрачыстасці пройдуць 20 - 21 верасня 2018 года на базе НАН Беларусі. У Мінск прыедуць кіраўнікі акадэмій навук краін СНД, вядучых замежных акадэмій, вядомыя вучоныя.

На нарадзе падрабязна разгледжаны план святочных мерапрыемстваў. Так, абмяркоўвалася правядзенне юбілейнай Сесіі МААН, Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Міжакадэмічнае ўзаемадзеянне і актуальныя выклікі сучаснасці”, пасяджэнне Навуковых саветаў МААН. Па выніках вышэйназванай канферэнцыі будзе выдадзены зборнік навуковых дакладаў. Да ўрачыстасцей будзе падрыхтавана выданне “25 гадоў Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук”. Як адзначыў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, “правядзенне такога знакавага мерапрыемства – сведчанне прызнання дасягненняў беларускай навукі. Юбілейная Сесія МААН павінна прайсці на самым высокім узроўні”.


Даведачна: Міжнародная асацыяцыя акадэмій навук афіцыйна была створана 23 верасня 1993 г. У гэты дзень у Кіеве ў Інстытуце тэарэтычнай фізікі Акадэміі навук Украіны адбыўся ўстаноўчы сход, на якім было падпісана Пагадненне аб стварэнні МААН. Мэтай дзейнасці арганізацыі з’яўляецца аб’яднанне намаганняў вучоных і садзейнічанне ў вырашэнні найбольш агульных навуковых праблем развіцця грамадства, аб’яднанні фундаментальных даследаванняў, узгадненні навуковай палітыкі акадэмій навук, падтрымцы найбольш перспектыўных даследаванняў, выкарыстанні ўнікальнай і дарагой апаратуры. З 2017 года Нацыянальная акадэмія навук Беларусі стала выконваць функцыі базавай акадэміі навук у арганізацыйным і метадычным суправаджэнні МААН. Кіраўніком Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук быў абраны Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Рыгоравіч Гусакоў (Пастанова Савета МААН ад 25 мая 2017 года №269). Вышэйшы кіруючы орган Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук – Савет МААН.

На сённяшні дзень у Асацыяцыю ўваходзяць 13 паўнапраўных (Акадэмія навук Малдовы, Акадэмія навук Рэспублікі Таджыкістан, Акадэмія навук Рэспублікі Узбекістан, Акадэмія навук Туркменістана, В’етнамская акадэмія навук і тэхналогій, Нацыянальная акадэмія навук Азербайджана, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Нацыянальная акадэмія навук Грузіі, Нацыянальная акадэмія навук Кыргызскай Рэспублікі, Нацыянальная акадэмія навук Рэспублікі Арменія, Нацыянальная акадэмія навук Рэспублікі Казахстан, Нацыянальная акадэмія навук Украіны і Расійская акадэмія навук) і 6 асацыіраваных членаў (Беларускі рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў, Маскоўскі фізіка-тэхнічны інстытут (дзяржаўны ўніверсітэт), Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М.В. Ламаносава, Нацыянальны даследчы цэнтр “Курчатаўскі інстытут”, Аб’яднаны інстытут ядзерных даследаванняў і Расійскі фонд фундаментальных даследаванняў). Разглядаюцца прапановы аб уступленні ў члены МААН новых акадэмій. У складзе МААН дзейнічаюць 17 навуковых саветаў па бібліятэчнай справе, біямедыцыне, батаніцы, геаграфіі, геадэзіі і геафізіцы, гісторыі, крыніцах энергіі, кнігавыданні, матэматыцы, навуказнаўстве, ахове інтэлектуальнай уласнасці, фізіцы, фізіялогіі і функцыянальных матэрыялах электроннай тэхнікі.

Больш падрабязную інфармацыю аб МААН можна знайсці на сайце http://www.int-maan.by