Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

08.06.2018

Памёр выдатны беларускі літаратуразнавец Міхаіл Іосіфавіч Мушынскі

8 чэрвеня 2018 года на 88-м годзе жыцця пасля доўгай цяжкай хваробы памёр выдатны беларускі навуковец, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1991) Міхаіл Іосіфавіч Мушынскі.

Вядомы крытык і літаратуразнавец, доктар філалагічных навук (1978) прафесар (2001), ён пакінуў значны след у гісторыі беларускай навукі і назаўсёды застанецца ў памяці нашчадкаў. Міхаіл Іосіфавіч Мушынскі – аўтар звыш 300 прац, у тым ліку 13 манаграфій. Гэта значныя па сваёй навуковай вартасці, грунтоўныя выданні, сярод якіх: “Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 20-30-я гады” (1975), “Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці” (1982), “Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. 40-я – першая палавіна 60-х гадоў” (1985), “Каардынаты пошуку: Беларуская крытыка: набыткі і перспектывы” (1988), “І нічога, апроч праўды: Якой быць “Гісторыі беларускай літаратуры”” (1990), “Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага” (1991; 2005), “Тэксталогія твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа” (2007), “Падзвіжнік з Малой Багацькаўкі: жыццёвы і творчы шлях Максіма Гарэцкага” (2008; 2013), “Мае Каласавіны: З вопыту вывучэння літаратурнай і грамадска-культурнай дзейнасці Якуба Коласа” (2010), “Летапіс жыцця і творчасці Якуба Коласа” (1982; 2012). Гэтыя кнігі не проста не трацяць сваёй актуальнасці, яны з’яўляюцца добрымі прыкладамі сапраўднай навуковай дзейнасці для некалькіх пакаленняў даследчыкаў і будуць выкарыстоўвацца цяперашнімі і будучымі тэкстолагамі як паўнавартасныя падручнікі па даследаванні спадчыны і якасным выданні твораў айчынных мастакоў слова. Сапраўдныя навуковыя шэдэўры, яны цікавыя і для звычайнага, не звязанага з беларускай літаратурай чытача.

Міхаіл Іосіфавіч Мушынскі кіраваў падрыхтоўкай і ажыццяўленнем выдання навукова каментаваных збораў твораў Я. Купалы, Я. Коласа, І. Мележа, М. Лынькова, М. Гарэцкага, П. Пестрака, З. Бядулі, П. Броўкі, М. Зарэцкага, а таксама першых у гісторыі беларускай тэксталогіі поўных збораў твораў Я.Купалы у 9 тамах (10 кнігах) і М. Багдановіча у 3 тамах, застаючыся пры гэтым чулым суразмоўцам, надзейным сябрам для ўсіх супрацоўнікаў аддзела, лёгкім і на спагаду, і на дасціпны жарт.

Яго адыход у вечнасць – цяжкая страта для ўсяго навуковага калектыву Інстытута літаратуразнаўства, многія з членаў якога з’яўляюцца выхаванцамі Міхася Іосіфавіча. Гэта непапраўная страта для ўсёй Акадэміі навук Беларусі, якой Міхаіл Іосіфавіч прысвяціў сваё жыццё навукоўца.