Кніга загадак «Бегла ліска каля лесу блізка...» з’яўляецца чарговым выданнем серыі «з народнапаэтычнай спадчыны», пачаткам якой былі «Прымаўкі ды прыказкі – мудрай мовы прывязкі» (2017). Захавалася і пераемнасць у афармленні кнігі: кожны тэкст мае пераклад на іншыя мовы (у тым ліку кітайскую і англійскую), а метафарычныя вобразы – маляўнічае візуальнае ўвасабленне. Аднак з’явіліся і адметныя асаблівасці, якія, спадзяёмся, будуць садзейнічаць пашырэнню аўдыторыі зацікаўленых беларускім фальклорам. Так, акрамя беларускіх загадак у зборнік уключаны іх аналагі ў рускім, украінскім і польскім фальклоры.
Выданне дае магчымасць пераканацца, што свет загадак здольны прывабліваць не толькі дзяцей, але і дарослых чытачоў сваёй непаўторнасцю, фантастычнасцю і нават сюррэалістычнасцю. Падобныя жанры садзейнічаюць развіццю творчай фантазіі, дапамагаюць убачыць незвычайнае ў звычайным, наноў зрабіць адкрыцці ў будзённых рэчах і кожную хвіліну здзіўляцца непаўторнасці нават самай малой часцінкі навакольнага асяроддзя, атрымліваць ад гэтага радасць і асалоду.
Кніга А. І. Лакоткі «Цвета и легенды родных просторов» – гэта вынік шматгадовай творчай працы – каля 200 твораў акварэльнага жывапісу і графікі, што адлюстроўваюць прыродны каларыт рэгіёнаў і лакальных раёнаў Беларусі, маляўнічыя рысы вёсак, мястэчак, гарадоў, помнікаў архітэктуры. Прысутнічае і новая аўтарская навуковая інтэрпрэтацыя так званага «духу месца», гэта значыць асяродку бытнасці, яго прыродных і рукатворных аб’ектаў, што адлюстравана ў аналітычных тэкстах. Ідэя пра мноства прастор (міфалагічнай, філасофскай, жылой) раскрывае творчую, паэтычную сутнасць духоўных уяўленняў народа аб прыродзе і асяродку бытнасці. прырода ўдасканальвае чалавека. Гармонія зямная абуджае пачуццё прыгожага, пачуццё малой радзімы – гэта інтэграл духоўных запатрабаванняў кожнага з нас.
Да прэзентацыі падрыхтавана выстава выданняў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, прысвечаных беларускай этнаграфіі і фалькларыстыцы, вуснай народнай творчасці, гісторыі вывучэння беларускіх казак, прыказак, прымавак, легенд, міфаў, абрадавых песень і г.д. Адзін з раздзелаў выставы прысвечаны дзейнасці вядомага вучонага, даследчыка культуры і побыту беларускага народа, гісторыка-культурных ландшафтаў, архітэктуры Беларусі, таленавітага і творчага чалавека – А.І. Лакоткі.