Для ўдзелу ў рабоце семінара прадстаўлены даклады аўтараў з Беларусі, Расіі, Украіны і Літвы, якія прадстаўляюць арганізацыі навукі, адукацыі і аховы прыроды. Падчас працы семінара плануецца абмеркаваць вынікі даследаванняў біяразнастайнасці балот, разгледзець актуальныя пытанні класіфікацыі і картаграфавання расліннасці, маніторынгу, практычнага выкарыстання і аховы экасістэм балот.
У трэці дзень работы семінара плануецца правядзенне палявой экскурсіі на балота Святое рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Азёры” з наведваннем азярковага комплексу і пойменнага гіпнавага балота.
На наступны дзень пасля заканчэння семінара (29 верасня 2018 года) яго ўдзельнікі змогуць прыняць удзел у Палявым семінары, арганізаваным у межах праграмы ў падтрымку запаведнасці Белавежскай пушчы, якая выконваецца ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і ГПУ “Нацыянальны парк “Белавежская пушча” пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства (Германія) на базе Навадворскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці. У рамках гэтага мерапрыемства плануецца правядзенне круглага стала па пытаннях рацыянальнага і ўстойлівага кіравання водна-балотнымі ўгоддзямі на ахоўных тэрыторыях, палявая экскурсія на балота Дзікае НП “Белавежская пушча”. У мерапрыемстве таксама прымуць удзел супрацоўнікі НП “Белавежская пушча”, настаўнікі біялогіі і геаграфіі школ Свіслацкага раёна.
Да пачатку работы семінара плануецца выданне зборніка: Расліннасць балот: сучасныя праблемы класіфікацыі, картаграфавання, выкарыстання і аховы: матэрыялы III Міжнароднага навуковага семінара, 26-28 верасня 2018 г., Мінск-Гродна, Беларусь / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Гродзенскі дом навукі і тэхнікі. - Мінск: Колорград, 2018. - 164 с.
Азнаёміцца з праграмай семінара.