Ва ўрачыстых мерапрыемствах прынялі ўдзел кіраўніцтва НАН Беларусі, вядомыя вучоныя, былыя паплечнікі, вучні акадэміка, прадстаўнікі навуковых арганізацый і вышэйшых навучальных устаноў краіны.
На будынку Галоўнага корпуса НАН Беларусі сёння была ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка, прысвечаная вядомаму вучонаму. Аўтары праекта – Армэн Сардараў і Канстанцін Касцючэнка. Як адзначыў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, “Пад кіраўніцтвам Мікалая Аляксандравіча Барысевіча беларуская Акадэмія навук стала адной з лепшых акадэмій Савецкага Саюза, уваходзіла ў тройку лепшых. Беларускія вучоныя па шэрагу найважнейшых навуковых напрамкаў занялі вядучыя пазіцыі ў свеце”.
Сёння мемарыяльны кабінет вядомага вучонага адкрыты ў Інстытуце фізікі НАН Беларусі, дзе Мікалай Аляксандравіч прапрацаваў доўгія гады. У экспазіцыі прадстаўлены дакументы і матэрыялы, фотаздымкі, асабістыя рэчы з архіва сям’і вучонага, прыборы, з дапамогай якіх Барысевіч праводзіў навуковыя даследаванні. Як было адзначана, Мікалаем Аляксандравічам Барысевічам створана буйная навуковая школа, якая атрымала міжнароднае прызнанне. Ім падрыхтавана больш за 30 кандыдатаў навук, 12 яго вучняў - дактары навук, сярод іх 3 акадэмікі і член-карэспандэнт. Беларускія вучоныя – вучні Мікалая Аляксандравіча, яго паплечнікі гаварылі пра яго патрыятызм і вялікую любоў да навукі. Барысевіч – фізік, чые навуковыя даследаванні ў галіне малекулярнай спектраскапіі, люмінесцэнцыі, лазернай фізікі і інфрачырвонай тэхнікі здзейснілі прарыў у разуменні працэсаў узаемадзеяння святла і рэчыва.
Уклад Мікалая Аляксандравіча Барысевіча ў навуку і яго самаадданая навукова-арганізацыйная дзейнасць заслужылі высокую ацэнку. Барысевіч М.А. быў удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы, узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга, яму было прысвоена званне “Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь”.