Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

02.10.2018

Суперкамп’ютар “СКІФ-ГЕА-ЦАД” НАН увайшоў у ТОП-50 вылічальных сістэм СНД

Сучасны суперкамп’ютар “СКІФ-ГЕА-ЦАД” Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі, распрацаваны ў рамках навукова-тэхнічнай праграмы Саюзнай дзяржавы “СКІФ-НЕТРЫ”, увайшоў у ТОП-50 лепшых вылічальных сістэм, усталяваных на тэрыторыі СНД. Галоўнымі арганізатарамі рэйтынгу выступілі: Навукова-даследчы вылічальны цэнтр МДУ і Міжведамасны Суперкамп’ютарны Цэнтр Расійскай акадэміі навук.

Згодна з вынікамі рэйтынгу, “СКІФ-ГЕА-ЦАД” АІПІ НАН Беларусі знаходзіцца на 37 месцы. Суперкамп’ютар адрозніваецца высокай прадукцыйнасцю і ўяўляе сабой годны вынік плённай працы расійскіх і беларускіх спецыялістаў, якія працуюць над праектам “СКІФ-НЕТРЫ” ўжо трэці год запар. Першыя тры месцы рэйтынгу размеркаваліся наступным чынам: 1 месца - Масква, суперкамп’ютар МДУ імя М.В. Ламаносава, 2018 г., 2 месца – суперкамп’ютар Галоўнага вылічальнага цэнтра Федэральнай службы па гідраметралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя, 3 месца – суперкамп’ютар МДУ імя М.В. Ламаносава, 2012 год.

“Варта адзначыць, што навукова-тэхнічная праграма Саюзнай дзяржавы “СКІФ-НЕТРЫ” мае строга выяўленую галіновую спецыялізацыю і першапачаткова не накіравана на ўсталяванне якіх-небудзь рэкордаў з пункту гледжання прадукцыйнасці вылічальных сродкаў, як такіх, - адзначае намеснік генеральнага дырэктара Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі Сяргей Круглікаў. Аднак правільна абраная элементная база і тэхналагічная кампаноўка суперкамп’ютара дазволілі пры параўнальна невялікай колькасці вылічальных вузлоў увайсці ў эліту суперкамп’ютараў СНД”.

Неабходна нагадаць, што апошнія рэйтынгавыя паказчыкі ў галіне лепшых супервылічальных сістэм, як АІПІ НАН Беларусі ў прыватнасці, так і Рэспублікі Беларусь у цэлым, датаваныя 2005-2007 гадамі.

З вынікамі рэйтынгу можна азнаёміцца па спасылцы: http://top50.supercomputers.ru