Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

19.10.2018

Аб падтрымцы і стымуляванні навуковай дзейнасці маладых вучоных НАН Беларусі расказалі прадстаўнікам СМІ ў Доме прэсы

19 кастрычніка 2018 г. у Прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя “Аб падтрымцы і стымуляванні навуковай дзейнасці маладых вучоных НАН Беларусі”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел: Гапоненка Вольга Анатольеўна, начальнік упраўлення прэмій, стыпендый і ўзнагарод Галоўнага ўпраўлення кадраў і кадравай палітыкі апарату НАН Беларусі; Юрэцкі Станіслаў Сцяпанавіч, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, старшыня Савета маладых вучоных Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі; Марцалева Наталля Аляксандраўна, прэс-сакратар апарату НАН Беларусі.

Вольга Гапоненка расказала прадстаўнікам СМІ пра матэрыяльную падтрымку маладых вучоных у НАН Беларусі: прэміях, конкурсах, грантах і іншых магчымых крыніцах фінансавання для маладых даследчыкаў. У прыватнасці былі адзначаны: сумесная прэмія Алфёраўскага фонду і НАН Беларусі, спецыяльны конкурс для маладых вучоных, прымеркаваны да 90-годдзя НАН Беларусі, а таксама расказана аб фарміраванні базы 100 талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Станіслаў Юрэцкі расказаў аб дзейнасці Савета маладых вучоных. У гэтым годзе ўжо ў другі раз была паспяхова праведзена школа “Малады вучоны пад ключ”. 29 кастрычніка пачне работу Міжнародная канферэнцыя “Моладзь у навуцы - 2.0'18”. На канферэнцыю ў гэтым годзе ўжо пададзена больш за 300 заявак, з якіх каля 80 – з-за мяжы. Таксама СМВ праводзіць шырокую грамадскую дзейнасць – два разы на год праводзяцца спартакіяды, маладыя вучоныя ўдзельнічаюць у пазнавальных паездках.

Наталля Марцалева расказала аб конкурсе на лепшае прадстаўленне навуковых дасягненняў у СМІ, які праводзіцца штогод НАН Беларусі. У мінулым годзе конкурс выклікаў самы шырокі інтарэс – было пададзена 176 работ 76 аўтараў. У гэтым годзе матэрыялы на конкурс можна падаць да 20 снежня.