Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

22.10.2018

НПЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве стварыў электрамагнітныя ахоўныя экраны для апарата даследчай місіі BepiColombo

На борце японскага касмічнага апарата Mercury Magnetospheric Orbiter, які ўдзельнічае ў даследчай місіі BepiColombo, устаноўлены шматслойныя электрамагнітныя экраны, створаныя вучонымі Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па матэрыялазнаўстве. Пра гэта паведаміў Генеральны дырэктар ГА “НПЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве” НАН Беларусі Валерый Федасюк.

Еўрапейская ракета-носьбіт цяжкага класа Ariane-5 паспяхова стартавала ў ноч з 19 на 20 кастрычніка 2018 г. з касмадрома Гвіянскага касмічнага цэнтра ў Французскай Гвіяне. У космас яна вывела апараты даследчай місіі BepiColombo, якая падрыхтавана Еўрапейскім касмічным агенцтвам (ESA) сумесна з Японскім агенцтвам аэракасмічных даследаванняў (JAXA) для вывучэння Меркурыя. Электрамагнітную сумяшчальнасць прыбораў унутры навуковага комплексу, у склад якога ўваходзіць высокадакладны магнітаметр, на японскім касмічным апараце Mercury Magnetospheric Orbiter забяспечваюць распрацаваныя і вырабленыя ў НПЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве шматслойныя электрамагнітныя экраны. Беларускія вучоныя ўдзельнічаюць у міжнародным касмічным праекце па даследаванні Меркурыя “Бэбі Каломба” (названы ў гонар італьянскага астрафізіка Джузэпэ Каломба) сумесна з Інстытутам касмічных даследаванняў Расійскай акадэміі навук. Для гэтага праекта ў ГА “НПЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве” НАН Беларусі створаны электрамагнітныя экраны, якія заглушаюць перашкоды і забяспечваюць надзейную працу абсталявання, якое знаходзіцца на борце касмічных апаратаў. Па дадзенай праблематыцы вучоныя НАН Беларусі актыўна працуюць з “Раскосмасам” – беларускія экраны ўсталёўваюцца на касмічных лятальных апаратах, абараняючы разнастайныя датчыкі і дэтэктары як ад знешніх, так і ад унутраных уздзеянняў.