Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

23.10.2018

Дэлегацыя НАН Беларусі прыняла ўдзел у рабоце III Беларуска-Кітайскага Форуму па гуманітарных абменах і дзелавым супрацоўніцтве

15-16 кастрычніка 2018 года дэлегацыя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пад кіраўніцтвам намесніка Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Пятра Казакевіча прыняла ўдзел у рабоце III Беларуска-Кітайскага навуковага форуму па гуманітарных абменах і дзелавым супрацоўніцтве “Адзін пояс - Адзін шлях” і Кітайска-Беларускае супрацоўніцтва: Новае развіццё і Новыя перспектывы” (г. Чжухай, прав. Гуандун, Кітайская Народная Рэспубліка).

Мерапрыемства было арганізавана Кітайскай акадэміяй грамадскіх навук, Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, Пекінскім педагагічным універсітэтам і мэрыяй г. Чжухай з мэтай абмеркавання бягучага стану і перспектыў развіцця беларуска-кітайскага навукова-тэхнічнага, гуманітарнага і гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў кантэксце рэалізацыі глабальнай ініцыятывы “Адзін пояс – Адзін шлях”.

У працы форуму прынялі ўдзел больш за 150 прадстаўнікоў навуковых арганізацый, устаноў вышэйшай адукацыі, органаў дзяржаўнага кіравання, дыпламатычнага корпуса і сродкаў масавай інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Намеснік Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Пётр Казакевіч у прывітальным слове да ўдзельнікаў форуму падкрэсліў, што Нацыянальная акадэмія навук Беларусі як вышэйшая навуковая арганізацыя Рэспублікі Беларусь і навукова вытворчая карпарацыя, якая пастаўляе прадукцыю на экспарт у 40 дзяржаў, надае асаблівае значэнне супрацоўніцтву ў сферы навукі з Кітайскай Народнай Рэспублікай, і вітае станаўленне новых навуковых традыцый ва ўзаемаадносінах з кітайскімі акадэмічнымі арганізацыямі. “Калі першы гуманітарны форум, які адбыўся ў верасні 2015 г. у Пекіне, заклаў падмурак для давернага абмеркавання шырокага кола актуальных пытанняў у галіне гуманітарных навук, другі, які прайшоў у чэрвені 2017 г. у Мінску, гэты падмурак умацаваў, то цяперашні, трэці па ліку форум, азначае станаўленне ўстойлівай традыцыі ў беларуска-кітайскім гуманітарным навуковым супрацоўніцтве. Упэўнены, што трэці навуковы форум дапаможа даць адказы на многія актуальныя пытанні развіцця двухбаковага навуковага супрацоўніцтва ў кантэксце сумеснага будаўніцтва “Аднаго пояса – Аднаго шляху”, – адзначыў Пётр Казакевіч.

У рамках навуковага форуму была арганізавана работа шасці пленарных сесій, у рамках якіх вучоныя НАН Беларусі прадставілі тэматычныя даклады і ключавыя навуковыя распрацоўкі акадэмічных арганізацый.

На палях III Беларуска-Кітайскага навуковага форуму па гуманітарных абменах і дзелавым супрацоўніцтве “Адзін пояс - Адзін шлях” і Кітайска-Беларускае супрацоўніцтва: Новае развіццё і Новыя перспектывы” адбыліся рабочыя сустрэчы кіраўнікоў навуковых арганізацый НАН Беларусі з кіраўніцтвам акадэмічных арганізацый Кітайскай акадэміі грамадскіх навук, Пекінскага педагагічнага ўніверсітэта, Юйліньскага педагагічнага ўніверсітэта, мэрыі г. Чжухая, Усекітайскай асацыяцыі па вывучэнні Расіі, Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі, Глабальнай кампаніі па развіцці тэхналогій блакчэйна і інтэрнэту рэчаў, Шанхайскага інкубацыйнага парку, Шанхайскай кампаніі смарт-тэхналогій “Ляньцзі”.

У ходзе візіту дэлегацыі НАН Беларусі ў Кітайскую Народную Рэспубліку адбыліся перамовы ў пашыраным складзе намесніка Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Пятра Казакевіча з Віцэ-Прэзідэнтам Кітайскай акадэміі грамадскіх навук Лі Пэйлінем і прадстаўнікамі кіраўніцтва навуковых арганізацыі Кітайскай акадэміі грамадскіх навук.

Паводле інфармацыі Інстытута эканомікі НАН Беларусі