Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

24.10.2018

Дырэктар Інстытута філасофіі НАН Беларусі прыняў удзел у адкрыцці Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Мітрапаліт Іосіф (Сямашка; 1798 - 1868): асоба, эпоха, гістарычны шлях праваслаўя на беларускіх землях”

24 кастрычніка 2018 года ў канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё і пленарнае пасяджэнне міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Мітрапаліт Іосіф (Сямашка; 1798 - 1868): асоба, эпоха, гістарычны шлях праваслаўя на беларускіх землях”. Навуковы форум прымеркаваны да 220-годдзя з дня нараджэння і 150-годдзя з дня смерці мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашкі).

Арганізатарамі канферэнцыі выступілі: Беларуская Праваслаўная Царква, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, Інстытут філасофіі НАН Беларусі, Мінская духоўная акадэмія.

У склад прэзідыума канферэнцыі ад НАН Беларусі увайшоў дырэктар Інстытута філасофіі Анатолій Аркадзьевіч Лазарэвіч, які абвясціў на цырымоніі адкрыцця канферэнцыі прывітальны адрас Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзіміра Рыгоравіча Гусакова. У прывітальным адрасе быў адзначаны ўклад Беларускай Праваслаўнай Царквы ў фарміраванне высокай духоўнай культуры беларускага народа, укараненне маральнасці і высокіх маральных асноў. “Пытанні міжрэлігійных адносін, палітыкі дыялогу і супрацоўніцтва, талерантнасці і кансалідацыі заўсёды будуць актуальныя ў поліканфесійнай дзяржаве, якой з’яўляецца Беларусь. Менавіта ўрокі мінулага дазваляюць бачыць мірную і квітнеючую будучыню”, - падкрэсліў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі ў звароце да ўдзельнікаў канферэнцыі. Таксама было адзначана рознабаковае супрацоўніцтва арганізацый аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Форум працягне работу на базе Інстытута філасофіі НАН Беларусі, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі, Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі да 26 кастрычніка 2018 г.