Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

26.10.2018

Пры ўдзеле Інстытута гісторыі НАН Беларусі распачата экспедыцыя па ўздыме старажытнай лодкі-чоўна з ракі Нёман

Каля вёскі Мікалаева Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці пачала працу сумесная экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі і дайвінг-цэнтра “Марскі Пегас” па падыманні старажытнай лодкі-чоўна з ракі Нёмана.

Лодка-доўбанка (човен) была выяўлена каля вёскі Мікалаева Іўеўскага р-на Гродзенскай вобласці мясцовымі жыхарамі. На дадзены момант яна ляжыць на дне ракі пад нахілам, на глыбіні ад 0,4 да 1,5 м і на адлегласці ад 2 да 5 метраў ад берага. Даўжыня каля 8 метраў, шырыня 0,9 метра, вышыня больш за 60 см. Лодка занесена пяском на глыбіню парадку 35-30 см.

Лодкі-доўбанкі мелі шырокае прымяненне ў гаспадарча-бытавой сферы. Яны выступалі асноўным відам воднага транспарту для старажытных жыхароў на тэрыторыі Беларусі, пачынаючы з перыяду каменнага веку. У асобных рэгіёнах выкарыстанне доўбанак фіксавалася аж да другой паловы і канца ХХ стагоддзя.

Пасля падрыхтоўчых работ падыманне лодкі будуць праводзіць 27 і 28 кастрычніка 2018 г. група падводнай археалогіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, вадалазы дайвінг-цэнтра “Марскі Пегас” і ўдзельнікі джып форуму 4Х4.

Для падымання лодкі-доўбанкі будуць выкарыстаны металічныя рамныя секцыі, якія забяспечаць надзейную фіксацыю і прадухіляць магчымасць паломкі, а таксама баральныя бочкі (адыгрываюць ролю паплаўкоў рэгуляванай пагружальнасці). На першым этапе, пры дапамозе мотапомпы, у донных адкладах пад лодкай будуць зроблены скразныя адтуліны, у якія завядуць стропы для фіксацыі лодкі да металічных секцый. Далей будзе размыты грунт вакол лодкі, а баральныя бочкі запоўненыя паветрам, што дасць магчымасць адарваць аб’ект ад дна і транспартаваць сплавам да месца пагрузкі на лафет. Перад пагрузкай лодка будзе апрацавана антысептыкам для дрэва – дадзенае мерапрыемства прадухіліць гніенне на ранніх этапах, і загорнута ў стрэйч-плёнку, што спыніць хуткае высыханне драўніны і як вынік яе псаванне.

Далей лодка будзе дастаўлена ў НАН Беларусі для далейшых кансервацыйных мерапрыемстваў, правядзення аналізаў і будучага экспанавання.