Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

17.12.2018

НАН Беларусі і Алфёраўскі фонд назвалі пераможцаў конкурсу для маладых вучоных 2018 года

Бюро Прэзідыума НАН Беларусі прыняло рашэнне прысудзіць прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Фонду падтрымкі адукацыі і навукі (Алфёраўскага фонду) для маладых вучоных 2018 года.

Прэмія ў галіне фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, фізіка-тэхнічных і тэхнічных навук прысуджана старшаму навуковаму супрацоўніку дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання “Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка” кандыдату фізіка-матэматычных навук Кірылу Мікітчуку за работу “Оптаэлектронныя генератары звышвысокай частаты са звышнізкім фазавым шумам для сістэм радыёлакацыі”. Дадзеная праца ўяўляе сабой сукупнасць аб’яднаных адзінай тэматыкай работ у галіне аднаго з новых напрамкаў фізікі – радыёфатонікі, асноўнымі прадметамі вывучэння якой з’яўляецца перадача, генерацыя і апрацоўка ЗВЧ-сігналаў з дапамогай оптаэлекронных і аптычных метадаў.

Прэмію ў галіне біялогіі, хіміі, медыцыны, аграрных навук і навук аб Зямлі вырашана прысудзіць старшаму навуковаму супрацоўніку дзяржаўнай навуковай установы “Інстытут фізіка-арганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” кандыдату хімічных навук Таццяне Пліско за работу “Новыя метады атрымання палімерных мембран для ультрафільтрацыі, газараздзялення і первапарацыі”. У цяперашні час мембранныя тэхналогіі шырока ўкараняюцца ў многіх галінах прамысловасці. У працы праведзены комплекс даследаванняў па распрацоўцы новых метадаў атрымання кампазіцыйных і нанакампазітных палімерных мембран.

У галіне гуманітарных і сацыяльных навук прэмію вырашана прысудзіць загадчыку аддзела дзяржаўнай навуковай установы “Інстытут эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” кандыдату эканамічных навук Анастасіі Бабровай за работу “Новая парадыгма кіравання сацыяльна-дэмаграфічнымі працэсамі”. Гэта – сукупнасць аб’яднаных адзінай тэматыкай работ, якія адлюстроўваюць рознабаковую характарыстыку сацыяльна-дэмаграфічнага развіцця і ўтрымліваюць канцэптуальныя і праграмныя рэкамендацыі па мадэрнізацыі падыходу да кіравання дэмаграфічнымі працэсамі.

Дыпломы лаўрэатам прэміі будуць уручаны напярэдадні Дня беларускай навукі. Па кожнай намінацыі прэмія ў беларускіх рублях складае суму, эквівалентную $ 2,5 тыс. У 2018 годзе конкурс праводзіўся пяты раз. Згодна з Палажэннем, удзельнічаць у конкурсе можа адзін аўтар або група аўтараў у складзе не больш за тры чалавекі. Навуковая ацэнка работ праводзіцца Камісіяй па прэміях НАН Беларусі. У яе склад уключаны аўтарытэтныя вучоныя.

Прэмія НАН Беларусі і Алфёраўскага фонду за навуковыя работы і вынаходніцтвы, якія маюць важнае значэнне для фундаментальнай і прыкладной навукі, была заснавана 5 чэрвеня 2014 года ў мэтах заахвочвання маладых (да 35 гадоў) беларускіх вучоных.