Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

17.12.2018

Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі запрашае на прэзентацыю зборніка “Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць”

Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі запрашае 18 снежня 2018 г. у 15.00 на прэзентацыю зборніка “Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць” (Выпускі I-III).

Зборнік “Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць” выдаецца з 2014 г.. На дадзены момант выйшла тры тамы матэрыялаў (2014, 2016 і 2018 гг.), якія адлюстроўваюць гісторыю беларускага і заходнееўрапейскага пратэстантызму.

Трэці выпуск з’явіўся вынікам правядзення III Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць” (Мінск, 9 снежня 2017 года), прысвечанай 500-годдзю Рэфармацыі і 500-годдзю беларускай Бібліі. Абодва гэтых юбілеі шырока адзначаліся ў Беларусі на працягу 2017 г.

У тамах зборніка асвятляюцца важныя старонкі гісторыі беларускай і еўрапейскай Рэфармацыі, Бібліі Ф.Скарыны, а таксама пратэстанцкіх цэркваў Беларусі. Увазе чытачоў прапануюцца як біяграфічныя даследаванні, так і панарамныя гістарычныя агляды пэўных перыядаў у гісторыі пратэстантызму. Закранаюцца пытанні міжканфесійных адносін, сувязей пратэстантаў з беларускім нацыянальным рухам, сучаснага развіцця пратэстанцкіх цэркваў у Беларусі і многае іншае.

Да мерапрыемства прымеркавана выстава кніг з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. На ёй прадстаўлены прыжыццёвыя выданні М. Лютэра і Ф. Меланхтона, багаслоўская работа малавядомага пратэстанцкага пісьменніка Мікалая Сельнечэры з Лейпцыга, творы Эразма Ратэрдамскага, Біблія Марціна Лютэра (1675) і інш.

Запрашаем усіх жадаючых у інфармацыйна-выставачны цэнтр ЦНБ НАН Беларусі.