Конкурс “100 талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” праводзіўся ў 2018 годзе ўпершыню. Ён заснаваны ў красавіку гэтага года. Яго галоўныя мэты – рэалізацыя мер па прыцягненні і замацаванні таленавітай моладзі ў навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферах, стварэнне маладзёжных навукова-даследчых груп і амаладжэнне кадравага складу навуковых арганізацый НАН Беларусі, забеспячэнне пераемнасці паміж вучонымі розных пакаленняў. Агульная колькасць маладых вучоных, якія адначасова ўваходзяць у банк даных “100 талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”, не можа перавышаць 100 чалавек, а штогадовая колькасць лаўрэатаў конкурсу – не больш за 20 чалавек.
У конкурсе могуць прымаць удзел маладыя навукоўцы НАН Беларусі, якія абаранілі кандыдацкую дысертацыю ва ўзросце да 30 гадоў або атрымалі навуковую ступень доктара навук ва ўзросце да 40 гадоў.
У адпаведнасці з Палажэннем, да ўдзельнікаў конкурсу прад’яўляюцца наступныя патрабаванні: наяўнасць вынікаў навуковых даследаванняў, якія маюць высокую фундаментальную і (або) практычную значнасць, апублікаваных за апошнія 3 гады ў выглядзе манаграфіі і (або) цыкла артыкулаў (не менш за 6 публікацый у навуковых, навукова-тэарэтычных, навукова-практычных, навукова-інфармацыйных, навукова-тэхнічных, навукова-метадычных часопісах, якія ўваходзяць у пералік, вызначаны Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй Рэспублікі Беларусь у адпаведнай галіне навук (навуковым кірунку); наяўнасць вопыту ў ажыццяўленні кіраўніцтва навукова-даследчымі праектамі (гранты БРФФД, заданні дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм і іншыя).